Не друкуюць… Шкада… Ды нічога…
Для радкоў недарэкі-паэта
Ў Інтэрнеце прасторы ‘шчэ многа –
Незанятай, свабоднай дагэтуль.
І яна ўсіх гасцінна вітае
На cтаронках сваіх непаўторных:
На палях Vershy.ru і Тутбая,
На Facebook, Муlivepage і Livejournal.
Нівы сайтаў прымаюць цярпліва
Ўсё, што сёння кагосьці натхняе…
І штодня адбываецца дзіва:
Гэта бачаць і гэта чытаюць!
Ад гарэзлівых казачак мілых –
Да надзьмутых сур’ёзнасцю твораў,
У якіх - ну ніяк без памылак –
Грамацею-паэту на сорам!
Ды нябозе ці многа патрэбна,
Акрамя вось такога прызнання?
Ежы целу – вадзіцы і хлеба…
Пітва духу – з крыніцы кахання…