Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ну і лета!

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Ну і лета! Дае і дае!
Што ні дзень – не адно, так другое:
Залівае, і паліць, і дзьме,
І няшчадна руйнуе жывое…

Што згніло, што спяклося амаль...
Што змялося - згвалтована ветрам…
Ураганы, спраўляючы баль,
Карані выкарчоўваюць з нетраў…

Ці калісьці такое было?
Ўсё вакол – у палоне навалы:
Пад нагамі – разбітае шкло,
На дарогах, у парках – завалы.

Ад паваленых дрэў – водар тла…
Град і буры - бядой - апантана…
Колькі вёсак стаіць без святла?
Колькі шыферу з дахаў сарвана?

Колькіх спёка знясіліла ўшчэнт?
Колькі смерцяў, няшчасных здарэнняў?
І штодня ў Беларусі – Ташкент…
І штоноч – ліпкі пот, знемажэнне…

Што прырода жадае сказаць,
Калі ў свеце лютуе вось гэтак?
І ці ёсць нейкі шанец суняць
Катаклізмы шалёнага лета?

А мо гэта вар’яцтва стыхій
І нябачаны шквал анамалій –
Нам адплата за нашы грахі,
Што ўжо нават і Бога дасталі?

Мо пачатак канца настае –
Дні апошнія – Апакаліпсіс?...
Таму лета дае і дае…
І зрываюцца дрэвы, бы лісце…