Спаткаў я былое каханне.
Яно не пазнала мяне.
Hi радасці, ні хвалявання:
вось-вось — і яно прамільгне.
«Эгей, эгей! — яму крыкнуў я.—
Эгей! пастой, пачакай!
Апошнія ўспомні канікулы,
халодны расстайны май...»
Каханне на хвілю спынілася,
доўга глядзела назад —
віхуры пранесліся ў лісці
старых залатых прысад.
Яно ўсміхнулася ціха,
нібы ў той празрыстай вясне,
і моўчкі пайшло гасцінцам
далей і далей ад мяне...