Спяваюць ружы пад акном
Аб нечым ружавым, няйначай.
Зачараваны, дрэмле дом…
А дожджык слухае – і плача…
Ўцірае ветрам струмяні.
Раняе слёзы на пялёсткі.
Празрыстых кропелек агні
На кветках ззяюць, нібы росы.
- Сумуеш, дождж? Але аб чым?
Такую квецень не смакуеш!
А мо баішся, што ўначы
Ружовых казак не пачуеш?
Ці пад уколамі шыпоў
Расчараваўся ў прыгажосці?
Ці ў харастве квяточных сноў
Угледзіў зманлівае штосьці?
А дожджык пляскае, журчыць -
Ці ён спявае, ці гаворыць,
Самотным шэптам шамаціць
Пяшчотным кветкам сваю споведзь:
- О, ружы! Ваша прыгажосць –
Вачам і сэрцам на здзіўленне.
Ля вас, здаецца, - шчасце ёсць,
Але ж нядоўгі час цвіцення.
Аднойчы ветрык наляціць,
Кусты далонямі прылашчыць, -
І цуд ружовы абляціць…
А з ім – і прывіднае шчасце…