Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Свайму народу

Яшчэ не ацэнена

Табе, народ мой, згібнуты ў аковах,
З-пад сэрца песню гэтую пяю,
І, ускрашаючы мінуўшчыну нанова,
Выказваю цяпершчыну тваю.

Сягні ў даўно заснуўшыя сталецці,
Заслону дзён уцёкшых адхілі,
І глянь, як сёння твае жывуць дзеці,
Як ты жывеш на прадзедаў зямлі.

Дняпро і Сож, Дзвіна, Вілля і Нёман
Шмат могуць што у памяці збудзіць,
Ды пушчы Белавежскай сумны гоман —
Паслухай толькі, што ён гаманіць.

Тваймі рукамі ўзнесены замчышчы,
Глянь, зарастаюць дзікім палыном,
Па сцен астатках вецер дзіка свішча,
Як бы пяе памінкі быўшым днём.

Пяе аб тым, як гэтыя байніцы
Край сцераглі на захад і на ўсход,
Як з поўначы разбойны чужаніца
Не мог замчыскавых скрышыць варот.

Ты жыў, ты панаваў у краі родным,
Сцярог ад чужака й законы укладаў;
Звон вечавы сход склікаваў народны,
І сход аб шчасці Бацькаўшчыны дбаў.

Сягоння усё спіць і зарастае зеллем,
Сцярэч свой край няма ні сцен, ні рук;
Званы вячовы змоўклі, анямелі,
Ў ярме сагнулі людзі плечы ў крук.

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь свежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю маці-Бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часці, на кускі.

Сыноў тваіх рассеяў па ўсім свеце,
Як птушак ястраб з гнёздаў разагнаў;
Бацькі дзяцей, а бацькоў сваіх дзеці
Сярод магіл шукаюць і канаў.

І мерцвякоў знаходзяць... А жывыя...
Як мерцвякоў пагляд іх і жыццё,
Праклёны толькі шэпчуць векавыя,
Ды вечнае чакаюць небыццё.

Упаў народ. Змарнеў народ, забыўся,
Як Бацькаўшчыну, як яго завуць;
Як падарожны без пуцця, знябыўся,
Як сірата, якой нідзе заснуць...

Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!

Паўстань і глянь, як ззяюць скрозь вагнішчы,
Як носяцца ўсясветных змен віхры,
Як на старога быту папялішчы
Цвет зацвітае новае зары!

Паўстань, народ! Для будучыні шчасце
Ты строй, каб пут не строіў больш сусед;
Не дайся ў гэты грозны час прапасці, —
Прапашчых не пацешыць шчасцем свет.

Сваю магутнасць пакажы ты свету, —
Свой край, сябе ў пашане мець прымусь.
Паўстань, народ!.. З крыві і слёз кліч гэты...
Цябе чакае Маці-Беларусь!



Максім, г. Кіеў

Нечым нагадвае вершы нашага Шаўченкі.

чудовий в1рш...прекрасна

чудовий в1рш...прекрасна мова..В1ктор.м.Червоноград