Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1918

Сярэдняя: 4.8 (13 галасоў)

Я зноў заснуўшую было жалейку
Бяру і пробую ў ёй галасоў:
Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў,
Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?

І пачынаю йграць з трывогай нейкай,
Хоць песня як і з даўных б'е часоў, -
Звініць, як вецер паміж верасоў,
І ўперагонкі рвецца з салавейкай.

А ўсё ж як тамка сваякі-суседзі
Яе паймуць, хацелася бы знаць, -
Ці блаславяць, ці ўтопчуць гідка ў гаць?

Адно, снуючы з сумам па праследдзі,
Я голасна йграць буду ў тайным брэдзе,
Для Бацькаўшчыны-маці буду йграць!



Сярэдняя: 5 (25 галасоў)

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў,
Аддай на суд свае ўсе крыўды, слёзы, кроў.

Аб вечным катаванні, здзеку далажы
і пакажы на курганы і на крыжы.

і аб раскопаных магілах не забудзь,
Дзе груганы тваіх там продкаў косці рвуць.

Як гналі пот з цябе паны і каралі,
Як гналі проч цары з радзімае зямлі.

Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі,
Як гібнеш з дзецьмі ты ад катняе рукі —

Аддаці ўсё на суд, на ўсенародны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!