(Дзень беларускага пісьменства 2019)
Да цудадзейных, светлых абразоў
Нядзельным, ціхім, прахалодным раннем,
Дзе верасень спяшаўся да ютрані
Пад дабравест жыровіцкіх званоў,
Пайшоў і я, амаль што след у след,
Каб са святой алтарнае крыніцы
Бясконцай чысцінёю наталіцца,
І разгадаць сакральны запавет.
Ліліся гукі малітоўных слоў,
Звінеў у спеўным хоры “Сімвал веры”
І сэрца расчынілася ў даверы
Сугуччу меладычных галасоў.
Гулі званы, вялі свой дыялог
Пра тое, што было і вечна будзе…
І сталі бліжай да вытокаў людзі,
Душой уразумеўшы: Слова – Бог.