Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Уздрыгнуўшы, паплывуць вагоны...

Сярэдняя: 4.3 (3 галасоў)

Уздрыгнуўшы, паплывуць вагоны,
Ціхі домік прамільгне здалёк…
Апусцеў садоўніцкі зялёны
З невысокім ганкам флігелёк.
 
Даўняя самотная аповесць!
Як вялікі некалі сказаў,
Там пакутваў,
Там кахаў я колісь,
Там сваё я сэрца пахаваў…
 
…Дзе ж ты зараз,
Па якіх сцяжынах,
З кім ты ходзіш,
                       хоць бы ведаў я,
Дзе яна, пад колер апельсінаў
Хустка бесарабская твая?
 
Я на кожным ветраным паўстанку,
Паўз які шляхі мяне вядуць,
Ўсё шукаю поглядам смуглянку,
Ўсё баюся, каб не прамінуць.
 
Пра спатканні гэткія
                                 і ў далях
Успамін не хутка растае.
На любым карэльскім перавале
Буду славіць яблыкі твае.
 
Буду частаваць сяброў на сходзе,
Ўспамінаць пра шумныя сады,
Пра гурток мастацкі на заводзе,
Пра разгул дняпроўскае вады.
 
Пра вазоў калгасных караваны,
Пра дзяўчынку з грыўкай залатой,
Што маіх паэм усхваляваных
Не хацела слухаць ні за што.



Выдатны верш, мне вельмі

Выдатны верш, мне вельмі спадабауся. Меладычны, сумны, але такі светлы- светлы сум!
Дзякуй, Алесь!