Насеньне лепшае з жыцьцёвай сьветлай нівы
Сабранае ў жарон Малоху... Пыл пэрлін,
Узятых з мора ўцех і працы, – ў змрок рыцьвін
Прасыпаны на жвір вільготны і маўклівы.
Заслону забыцьця прадуць гады рупліва...
Як войска ўсталі тут сто тысячаў хваін,
Бы варта цішыні, што грэбнем вершалін
Шумлівыя вятры сутрымвае за грывы.
Тут іншаземцы сьлёз ня могуць прыхаваць...
І вы, гаспадары, паплачце, ці ж вам сьцерці
З прасьцягу памяці разоры столькіх сьмерцяў?
Паплачце, бо інакш драўлянай варты раць
У горад рушыць, каб ваш сон патурбаваць,
Павекі, што ў крыві запекліся, разьдзерці.
3.02.02
сапраўды, верш цудоўны, але
сапраўды, верш цудоўны, але навошта гэтыя мяккія знакі ў словах, калі там - суседняя мяккасць?!
таму што ў школе Вас навучылі
таму што ў школе Вас навучылі наркамаўцы, а пра гісторыю беларускай мовы не сказалі ні слова, нажаль...тарашкевіца куды больш лагічная, бо ў ёй адлюстроўваюцца фанетычныя прынцыпы мовы. вучылі бы нашае пакаленне так, тады бы хоць вымаўленне было правільным. сумна, калі беларусы размаўляюць на сваёй мове з акцэнтам