Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

паўсценне

Сярэдняя: 5 (8 галасоў)

На сутыку стагоддзяў
нарадзіўся Анёл
з васількамі ў вачах
і бусліным крылом,
на шчацэ шнар ад пугі,
мазалі на руках,
ды нянавісць расла
у блакітных вачах:
замест сонца і поўні –
цемната ды мяжа,
і катуе людзей
тых пакорнасць свая,
не шукаюць прасвету,
толькі працай жывуць,
мовай маці – маўчаць,
на замежнай – пяюць,
за рублі і даляры
прадалі ўсё наўкол,
у хаціне сядзяць –
няма хлеба ды дроў…
І таму сярод сосен
нарадзіўся Анёл
з васількамі ў вачах
і крынічнай слязой.
Незнаёмы, нябачны,
быццам подых вясны,
ён ішоў уздоўж хат
па дрыготкай зямлі,
і расло спачуванне
за басяцкі народ,
што праз вокны глядзіць,
не выходзіць за плот…
А маленькія дзеці
сустракалі яго,
і ад постаці той
ім лілося святло.
Нібы сонейка ноччу,
як прамень сярод хмар,
у краіне малой
утварыўся пажар.
Нарадзіўся Збавіцель,
ён, нібы Божы сын,
ён, нібы вольны птах,
йшоў, вядома, адзін,
ды здавалася людзям,
быццам войска прывёў.
Праўда там на кані,
там Надзея, Любоў,
там харугвы віднеюць,
абразы там вісяць,
ды на шыі крыжы
моцна крыватачаць.
І казаў ён ім слова,
бы малітву чытаў,
ды сялян-лежабок
на паўстанне узняў!
А з бялюткай адзежы
і з чырвонай крыві
ён зрабіў людзям сцяг,
каб было пад чым йсці…
Як ускінуў рукамі
да нябёсаў Анёл,
хмары бліснулі – бах! –
быццам згода на бой.
І пайшоў па дарозе
басаногі народ
праўду, веру шукаць,
для дзяцей лепшы лёс…
Здабываць сабе волю
у крывавым баі
выйшлі людзі з сахой
і Анёл на кані…

І з стагоддзя ў стагоддзе
скача мужны Анёл
з васількамі ў вачах
і бусліным крылом.
Ён трымае высока
сцяг Радзімы сваёй…
Калі з’явіцца кат,
мы дамо яму бой!