Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Антон Рудак

Сярэдняя: 4.3 (40 галасоў)

Вецер хмары па небе ў сумёты зьбіраў,
І яны застывалі ў маўклівым спакоі.
Сумны хлопчык сядзеў на адхоне Дняпра,
А краіна драмала ў сьнягах за ракою.

“Бог пакінуў яе. Пэўна, зь дзесяць вякоў,
Як забыўся аб нашай няшчаснай радзіме,
Дзе ня тое што цмокаў – няма й ветракоў,
Ані Донаў Кіхотаў, каб біліся зь імі.

Ён пайшоў і пакінуў нас зь ёю саміх –
Дык на чорта малітвы да гэткага Бога?”
Раптам сьнег прыпыніўся і вецер заціх –
Бог схіліўся і сумна глядзеў на малога.

І пакуль феерверкі ляцелі ў гару
І клалося ў снапы пад сярпамі калосьсе,
Ён пайшоў – і адзін нарадзіў Беларусь,
І для першага разу някепска ўдалося.



Сярэдняя: 3.8 (12 галасоў)

У вечаровых туманах
Каровы з пашы йдуць на голас.
Гусьцее змрок. У сьветлых снах
Мястэчку сьняцца Вільня й Полацк.

Гудуць млыны, бы пчолаў рой,
І птушкі пралятаюць з крыкам
Па-над маленькаю царквой
І па-над возерам вялікім.

Тут час спыніўся. Не такі
Звычай і лад, правы й законы,
Мястэчка сьніць свае вякі,
Старых багоў, князёў імёны.

Нас лёс матляе па зямлі.
Малюся я – і ты маліся,
Каб мы прыйшлі, адкуль пайшлі,
Каб мы змаглі вярнуцца ў Плісу.



Сярэдняя: 4.4 (7 галасоў)

Сьцяліўся туман па зямлі,
Ясьнелі пад сьнегам рабіны,
Я выйшаў на прызьбе паліць
І вечар на плечы накінуў.
Зьвінела на дрэвах гальлё
І хутаўся сад заінелы,
А вецер прыносіў з палёў
Арганаў забытыя сьпевы,
Кружыў, перасыпваў сьняжком...
Тым часам між дрэваў у садзе
Маленькі анёлак цішком
Да неба драбіны прыладзіў.

Ужо вечарэла. На сьнег
Клаліся няроўныя цені.
Я сплюнуў цыгарку і зьбег
У вечным сваім задуменьні.
Разьліўся па лесе спакой,
Завеі над полем застылі,
Аўтобус дарогай гразкой
Сьпяшаўся зь Вялейкі на Ільлю...
Анёлак, пачуўшы пару,
Намацаў чагосьці пад лаўкай,
Драбінамі ўзьбіўся ўгару
І радасна чыркнуў запалкай.



Сярэдняя: 4.2 (10 галасоў)

Месца сустрэчы нязьменна,
З сонцам вясновым, ці сьнегам –
Пункт прыбыцьця-адпраўленьня,
Альфа твая і амега:
Звонка імкнуцца трамваі,
Дрэмлюць у скверы анёлы,
Нешта ізноў паўтарае
Дыктаркі стомлены голас,
Чэргі таўкуцца ля крамаў,
Гукі рынгтонаў і мату,
Варта праходзіць ля брамы
У камуфляжных бушлатах,
Дробненька сыплецца дожджык
Па навакольных кварталах...
Зь вежы на мокрую плошчу
Зьнічкаю ўпаў недапалак.