Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Рыгор Крушына

Нарадзіўся 3 снежня 1907 года ў вёсцы Бязверхавічы пад Слуцкам ў сям'і паштовага служачага. Сапраўднае прозвішча - Казак. Дзяцінства праходзіла ў Вільні і на Случчыне (вёска Еўлічы). Скончыў Менскі Белпедтэхнікум, дзе пачаў пісаць і друкаваць вершы, стаў членам «Маладняка», скончыў Маскоўскі Інстытут Кінематаграфіі. У гады вайны жыў у Мінску. З 1944 г. - на выгнаньні, жыў у Нямеччыне, а потым у ЗША. Працаваў на Радыё Свабода, стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку.

Першыя вершы i апавяданнi ўбачылi свет у 1927 г. Першы зборнік вершаў пад назвай «Паэзія чырвонаармейца» выйшаў у Мінску ў 1931 годзе. Аўтар зборнікаў «Лебедзь чорная» (1947), «Выбраныя творы» (1957), «Вячорная лірыка» (1963), «Хвіліна роздуму» (1968), «Вясна ўвосень» (1972), «Дарогі» (1974), «Сны і мары» (1975). Пасмяротна выдадзены «Цымбаліст» (2004), «Выбраныя творы» (2005).

Як празаік напісаў апавяданне «Чорныя Дразды», успаміны «Вогнішча», «Пагібель праз жарты», нарысы «Шумавінне», «Паэзія геолагаў» (пра лёсы рэпрасаваных беларускіх аўтараў), крытычныя артыкулы «Барыс Мікуліч», «Сымон Будны», «Паўлюк Шукайла».

kruszyna.jpeg


Сярэдняя: 5 (8 галасоў)

Дзесьці ты хаваешся ў закуцьці,
У самоце сэрца галадае.
У цябе зялёныя пачуцьці,
Бо зусім, зусім ты маладая.

Спачуваеш слаўнаму гэрою,
Плачаш і сьмяешся за чытаньнем.
Смаглы смутак тут не за гарою
Ахапіў душу тваю паўстаньнем.

Ты чытаеш кніжку, а трывога
Эпілёгу шчаснага шукае.
Жах, ахвяры, голад, боль былога –
Вось яна, гісторыя цяжкая!

Толькі радасьць зрэдку выплывае
Сьветлымі падзеямі ў краіне.
Ведай! мова родная, жывая,
Мова нашых продкаў не загіне.

Ты чытаеш кніжку – у зацішку,
I далёка ад чужога вока.
Сёньня сьвет табе раскрыўся крышку,
Заўтра ён раскрыецца шырока.



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Калі сэрца болем пражыцца
I ў тузе смылець пачне,
Мая думка бударажыцца,
I я чую - лёгка мне.

Больш балючае ня мучае.
Імя Бацькаўшчыны тут,
Як чароўнае, гаючае
Дзіва-зельле, сонца, цуд.

Ці паміж людзей пачуецца,
Ці ў самоце ўскалыхне, -
Сьвята і на нашай вуліцы,
Скажам проста, у мяне.

Напамінкам імя гэтае:
Продкі - крэўныя - свае...
Цяплынёй яно сагрэтае,
Мне бадзёрасьць надае.

Я на момант амалоджаны,
Мрояй цешуся цішком:
Шлях далёкі і няходжаны
Зьвіты слуцкім паяском.



Сярэдняя: 4.8 (14 галасоў)

Калi кахаеш, -
Ты пазнаеш
I хараство,
I сьмелы ўзьлёт.
I можна верыць,
Што i перац
Салодкiм станецца,
Як мёд.

А дзе распуста -
Брудна, пуста.
I там Эрот,
Як блудны сын.
Нi хараства,
Нi сноў,
Нi ўзьлёту.
I мёд -
Як чэмер,
Як палын.