Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ян Чачот

Нарадзіўся 7 ліпеня 1796 года ў вёсцы Малюшычы Навагрудскага павета ў сям'і арандатара. Маленства прайшло ў маёнтку графа Тызенгаўза, дзе яго бацька быў аканомам. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай дамініканскай школе. У 1815 г. паступіў на аддзяленне маральных і палітычных навук Віленскага універсітэта. Але не маючы сродкаў на плату за навучанне праз год пакінуў вучобу і ўладкаваўся ў Віленскае бюро па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў. У 1818 г. становіцца членам тайнага таварыства філаматаў. Пасля выкрыцця царскімі ўладамі віленскіх студэнцкіх згуртаванняў у 1823 г. зняволены ў Віленскую турму, потым сасланы на Урал, дзе адбываў турэмнае зняволенне ў крэпасці Кізіл, у 1825 г. пераведзены ў Уфу, у 1831 - у Цвер.
Толькі праз 10 гадоў паэту дазволілі вярнуцца на Беларусь. На радзіме ён працаваў сакратаром кіраўніцтва Бярэзінскім каналам, бібліятэкарам у графа Храптовіча.

У філамацкі перыяд захапіўся стварэннем вершаў на роднай мове, і яго творы карысталіся вялікім поспехам на пасяджэннях таварыства. На паэтычным турніры, які адбыўся 21.12.1818 г., Чачот прызнаны трэцім паэтам пасля А. Міцкевіча і Т. Зана.
У 1819 ён напісаў некалькі беларускамоўных імянных вітанняў і драматычных сцэнак, заснаваных на беларускім фальклоры, у тым ліку "Да пакіньце ж горла драць", "Едзеш, міленькі Адам".

Адначасова з беларускімі вершамі Чачот працягваў пісаць і на польскай мове. У гэты час ён стварыў лібрэта аперэты "Малгажата з Зембаціна", вершаваную гісторыю Літвы і Польшчы, рамантычныя балады "Свіцязь-возера", "Мышанка", "Навагрудскі замак", "Калдычэўскі шчупак". У аснове яго балад былі паданні, якія паэт чуў у дзяцінстве на Навагрудчыне. Гэтымі творамі ён праславіўся як паэт-фалькларыст і ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры.

У в. Бортнікі на Навагрудчыне ён запісаў і склаў цэлы зборнік беларускіх народных песень (не захаваўся). На працягу 1837-46 паэт сабраў і выдаў у Вільні 6 фальклорных зборнікаў "Сялянскія песні", куды ўвайшло каля 1000 песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгіналале ўласна беларускія вершы, а таксама - прыказкі і прымаўкі, слоўнік беларускай мовы (200 слоў). Чачот перакладаў на польскую мову творы з англійскай, французскай паэзіі. Ён - аўтар кніг "Аповесці для маладых дзяўчат" (Вільня; 1845) і "Некаторыя заўвагі, якія асабліва датычацца стылю трэцяй песні "Анафеляс", з "Вітаўтавых баёў" П.Крашэўскага" (Вільня, 1846).

czaszot.gif


Сярэдняя: 4.3 (22 галасоў)

Пташка, пташка,
Скуль ляціш ты -
Ці не з нашых
Ніў?

Каб пачуць мне
Што аб мілай,
Я б шчаслівы
Быў.

Мо была
Ў яе садочку?
Ці не стрэла
Там

Той найгожай,
Да якой бы
Паляцеў я
Сам?

Ці не чула
Выпадкова
Ты хоць колькі
Слоў

Той, якая
Не выходзіць
З маіх юных
Сноў?

Ах ты, пташка,
Адлятаеш -
У якую ж
Даль?

Мне пакінула
Ізноў тут
Па наймілай
Жаль.



Сярэдняя: 4.1 (7 галасоў)

Вёска любая мая ты!
    Часам сумна мне бывае,
Ды тваiм праходжу полем -
    Сум умомант той зьнiкае.
 
Стрэну там дзяцей вясковых -
    Хоць адзежка iх у латах,
Столькi шчырасцi чысьцюткай
    Бачу ў мiлых вачанятах!
 
- Як жывеш пане Стафане?
    Усьмiхаецца Сьцяпанка.
Там - Алесь, а там Вiктося,
    Што зардзелася, там - Янка.
 
Пасьвяць сьвiнак тут, авечак
    Гэты - з пужкаю гуляе,
Тая ў'е вянок з валошак.
    Той скацiнку ў гурт зьбiрае.
 
Там - Гануська-гаспадынька
    З Iзабэлкай каля пашы
Шчыра бульбiны зьбiраюць,
    Што выкопвае Лукашык.
 
Iх, сяброў маiх маленькiх,
    Бачыць рад я на палетках -
Зьмiтрака, Марцiнка, Юрку
    Дамiцэлю i Пракседку.
 
Iх усiх вiтаю шчыра,
    Грушку iм даю цi яблык.
Хто раней паглядваў скоса
    На мяне, цяпер - мой сябра.
 
Хай жа вас сам Бог гадуе,
    Вам дае здароўе, шчасьце,
Ад людзей пашану, ўвагу,
    Зьберагае ад напасьцi.
 
Падрастай, народ маленькi,
    Гаспадынькi, аратаi.
Адарыць мне вас няма чым -
    Шчырым сэрцам адараю.



Сярэдняя: 5 (5 галасоў)

Глянь у поле - там дзяўчынка з бараной танцуе.
Як у такт яна ступае, як канём кіруе!
Што ў яе за павароты! Што за гнуткасць стану!
На красу такую толькі б любавацца пану!
На мяне ёй сорам глянуць. Памажы ёй, Божа!
Ды і так у шчырай працы Бог ёй дапаможа.
На мяжу жаўрук спусціўся - хоць на паўхвілінкі
Не здалёк, а зблізку танец паглядзець дзяўчынкі.
Шкода толькі: знекуль вецер наляцеў халодны,
Ды і конь яе нядужы - доўга быў галодны.
Божа! Дай хоць добрых коней аратаям нашым.
Каб жылі яны, як людзі. Плёну полю, пашам.
Мілы танец, што чаруе вока ў час натхнёны,
Ды мілейшы той, што ўсім нам хлеб дае штодзённы.
Пасля танца, што між сценаў, - толькі пыл курыцца,
Па Франусіным жа танцы - збажына кусціцца.