Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Яўген Хвалей

Нарадзіўся 1 студзеня 1947 года ў вёсцы Белькаўшчына Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы (1965) працаваў будаўніком, у рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Настаўнічаў, працаваў у выдавецтве «Народная асвета», Менскім абласным Доме народнай творчасці, на Беларускім радыё і тэлебачанні. З 1985 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1989 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1963 г. (раённая газета «Прамень»). Аўтар кніг паэзіі «Ярына» (калектыўны зборнік «Нашчадкі», 1979), «Прычасце» (1983), «Зялёны прамень аеру» (1987), вершаванай казкі для дзяцей «Насціны гасціны» (1989).

У перыядычным друку выступае і як крытык. Перакладае вершы паэтаў народаў СССР. Укладальнік зборнікаў «Вершы» Якуба Коласа (1987), «Гары, агонь Кастрычніка» (1987) і інш.



Сярэдняя: 4.8 (5 галасоў)
На прамёрзлы дол ападаюць –
ён усланы ўвесь хутка будзе...
Міма крочаць,
                            не падымаюць
дзічкі-яблыкі людзі.
 
Лёс дзічак —
бясследна прапасці,
без болю,
                 без жалю
                                   і крыку...

...Страшна з дрэва жыцця ўпасці
На зямлю яблыкам дзікім.


Сярэдняя: 4.3 (3 галасоў)

Я пытаў у палях:
«Дзе ты, дзе, мая знічка?»
Адказаў Млечны Шлях:
«З неба ўпала і знікла...»

Я хадзіў у лугі,
Я шукаў цуда-кветку
Ад журбы, ад тугі,
Толькі кветкі, як свечкі...

Я блукаў па гаях,
Дзе канвалія ў маі —
«Не твая, не твая...» —
Мне шаптала на ўскраі.

Хто ж ты, хто, падкажы,
Дзе шукаць цябе, знічка,
На якое мяжы,
Ты цвіцеш таямніча?..



Сярэдняя: 4.8 (13 галасоў)

Прыйду на берагі
Твае крутыя,
Дубоў дзе караніцца род,
Дзе хвалі срэбна-залатыя
Калышуць памяць,
Як чарот.

Рака мая,
Праз дні мае віротныя
Бяжыш —
Твой разумею спех...
Ды недзе там,
За выдмай, паваротам,
Прыпыніш, як і я,
На хвілю бег.

Нам ёсць над чым падумаць...
Бо стагоддзі
Плылі табой,
Нібы варагі ў грэкі.
Легенды, былі ў маім народзе
Жывуць часцей
Там, дзе крынічаць рэкі...

Ты рушыш зноў за даляглядным часам,
Аддаўшы плынь гарэзу-быстраку.
I доўга буду я
З маімі днямі разам
Рукой махаць,
Праводзячы раку...