Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць

https://www.nordicchalet.ru результаты поиска по запросу аренда дома подмосковье.

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Язэп Пушча

Сярэдняя: 4.5 (46 галасоў)

Вечар асенні, вечар маўклівы
Песціць, цалуе, песціць каліны.

Песня зблудзіла, песня у гаі,
Зоры ж у высі, зоры мігаюць.

Срэбрам на лісце, срэбрам на стромы, -
Ўсюды сугучнасць, ўсюды так стройна.

Струны у сэрцы, струны-браціхі
Звоняць умітусь, звоняць, не ціхнуць.

Як жа мне з імі, як жа, каліны,
Ў вечар асенні, вечар маўклівы?

1925



Яшчэ не ацэнена

Каханне, залатое каханне,
Я стаю, пахiлiўшы чало!
Не спаткаў я цябе пры кургане,
Не сустрэў у завейных палёх.

Ты само да мяне, маладога,
Прыгарнулася сэрцам сваім.
Усміхаліся далі, разлогі,
Усміхалася радасць у сінь.

А песні, санцавейныя песні
Разліваліся ўсплёскамі хваль.
Яны з сэрца каханне разнеслі,
Яны з сэрца памчаліся ўдаль.

Ў гэты вечар самоты не песціў,
Найшчаслівейшы быў між людзей.
Ціха зоры смяяліся ў вецці,
Я на іх задуменна глядзеў.

Разгадаць мне хацелася ўсмешку
Адной зоранькі яснай, як дзень.
Ружавела каліна на ўзмежку,
Я прыціснуў яе да грудзей.

Застануся з табою, красуня!
Я не ведаў уцехі ў жыцці.
Мне расслухаць хацелася ў шуме,
Аб чым ліст да ліста шапаціць.

Яна слоў мне тады не казала,
Толькі вусны палілі мой твар.
Не было, не было ў песні жалю,
Толькі кідала сэрца у жар.

А што далей?.. у ветра спытайся.
Пакахаў, як ніхто, пакахаў.
Ой ты, Стася, смуглявая Стася,
Ўзгадаваў цябе Случчыны гай!



Яшчэ не ацэнена
На стромкім усхоне
Стаяў задумены мастак.
Шум гонкае хвоі
Навеяў таемнасць і страх.
Глянуў на дол
Ён маўкліва, −
Сціснуўся боль:
Сплямлена кроўю каліна! 

Далей
У хмалёвыя хвалі
Кінуў праніклівы зрок:
Смутку народа майго не схавалі,
Тоіце нейкі няведамы змрок! 

Холад у вашым прадонні! – 
Скрухай наліўся душы яго хмель;
Бачыць ён вобраз бяссмертны
Мадонны
Стварыў што мастак Рафаэль. 

Далі
Празрыстымі сталі,
Промені сонца
Яснотай чало апавілі.
Істота ўся ў захапленні бясконцым, − 
Рукі прастор ахапілі. 

− Любы мой, мілы прастору,
У нашай забытай нізіне
Сцелецца новы Шлях Млечны! – 
Вечарам зораста-сінім 

Праходзіць ім будзе Марыя;
Юнак прывітаецца чула,
З каханнем у сэрцы затоена-вечным.
− О, светлыя зоры,
Пад вэлюмам срэбным я з ёй заначую!
Палкія вусны пяшчотай акрыю,
        Ave, Maria! 


Сярэдняя: 5 (7 галасоў)

Беланогі, расчухраны месяц
Лявоніць у лісці кляновым.
Мне чупрыны не хочацца звесіць
Ў гэты вечар аўсяна-зялёны.

Я пайду сінявою мурожнай
Да начлежнікаў, хлопцаў буяных,
Хай прыгорне мяне вербалоззе,
Бо я хмелем сягонняшнім п’яны.

Ой вы, поплавы ў шэрай сярмязе,
Веснавейце ў даліне-лагчыне!
Мяне променем сонца абвяжа,
Пакланюся я нізка айчыне.

Закалосяцца песні ла весніц,
Заспяваюць таполі і клёны.
Мне чупрыны не хочацца звесіць
Ў гэты вечар аўсяна-зялёны.