Дзень сканаў. Закіпае вада.
Ў прадчуванні гарачага чаю
Адзначаю: жыццё – не бяда,
Покуль простыя радасці маю.
Покуль дыхаю – нібыта п’ю,
Бачу полымя, бурбалкі чую
І душу – таямніцу сваю -
Вершаплёцтвам ад суму ратую.
Апякае істоту глыток.
Лыжка цукар спіралямі круціць.
Недапісаны мною радок
Астывае ў чаканні пачуцця.