На гасціннай планеце,
Дзе часовы наш дом,
Мы дасюль – нібы дзеці,
Што гуляюць з агнём.
‘Шчэ смакуем "пустышкі" –
Слава, грошы, прэстыж
І жадаем залішне –
Ўсіх патрэб сваіх звыш.
Час дарэмна марнуем –
Ні сабе, ні другім –
Бо зайздросцім, раўнуем,
Асуджаем і кпім.
А, спаткаўшы каханне,
З-за нязначных абраз
Сваёй жорсткасцю ранім
Тых, хто мілуе нас.
Спрэчкі зводзім у бойкі,
Зневажэнне - у здзек,
А сустрэчы – ў папойкі…
Немаўля – чалавек!
Як, не зведаўшы суці
Гэтай з’явы – жыццё,
Сваім лёсам ты круціш,
Бы малое дзіцё?