Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Сэрца засціла слота...

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Сэрца засціла слота,
Захлынула самота…
Дождж у тысячы ботаў
Снег у кашу таўчэ…
І, ўздыхаючы ўпотай
Над маёй адзінотай,
Затапляе гаротай,
Спачуваннем цячэ…

Ой ты, долюшка-доля –
Непатрэбная воля!
Не сустрэну ніколі
Погляд, мне дарагі…
Стогне вецер ад болю
Над спустошаным полем,
Дзе былога вуголле
Пахавалі снягі…

Ці душа скамянела?
Ці пад саванам – цела?
Тую радасць, што мела
Не змагла зберагчы…
У расстанні здзічэла –
Стала глебай збялелай,
Ад тугі звар’яцелай
У бясконцай начы…

Не чакаю нікога...
Не жадаю нічога...
Перад светам і Богам,
Нібы ў споднім, стаю...
Золь замжэла дарогі,
Замяла ўсе парогі...
Каму кінуць пад ногі
Несуцешнасць сваю?

Сэрца засціла слота,
Захлынула самота…
Дождж у тысячы ботаў
Снег у кашу таўчэ…
І, ўздыхаючы ўпотай
Над маёй адзінотай,
Затапляе гаротай,
Спачуваннем цячэ…