Як надыдзе мой час адыходзіць
І мяне пакладуць у труну –
Пасумую адтуль пры народзе
І быццё з небыцця памяну.
Адчаплюся нябачна ад цела…
Адпіхнуся… “Бывай…”, - прашапчу…
І адчую – нарэшце, ўзляцела
І жывая за светам сачу!
Расчыню, не кранаючы, дзверы,
Атрасу пахавання нуду…
І з задушлівай клеткі кватэры
Невідзімкай на волю сыйду.
Прабягу на ўспамін па мурогу,
Захаваю пачуцці свае –
Як мне злётаюць зоркі пад ногі,
Як мне ноч калыханкі пяе,
Як палаюць світальныя росы,
Як шапочуцца дрэвы ў бары,
Як гасцінна вітаюць нябёсы
І пяшчотна люляюць вятры.
Абап’юся салодкім паветрам,
Уздыму дух захоплены свой…
І пачну адмяраць кіламетры –
Іншаземкай над роднай зямлёй.
Ды, куды мяне Бог не направіць –
Ці то ў пекла – гарэць, ці то ў рай,
Я і там буду помніць і славіць
Ненаглядны, чароўны мой край…