Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1965

Яшчэ не ацэнена

Далёка ад роднага краю,
Чый вобраз па кроплі зьбіраў,
У трызьненьні белага маю
Самотны паэт паміраў.

Ён ведаў, што болей не ўстане,
Апошнія зьлічаны дні.
Чаму ж аніхто не загляне
Зь вялікай і мілай радні?

Няшчасная доля – памерці
У смутку-тузе аднаму.
Дзьвярыма на першым паверсе
Хтось грукнуў, здалося яму.

Во – крочыць па ўсходках рыпучых,
Во – клямкаю бразгае ўжо.
I стала ад шчасьця балюча:
Няўжо гэта праўда? Няўжо?

О Божа! Сама Вэраніка!
Яго Вэраніка стаіць!
Галоўкаю русай панікла,
Журботна, тужліва глядзіць.

Букет васількоў і рамонкаў
Сьціскае ля сэрца рукой...
Праклятая Богам старонка
Зайшла да паэта ў пакой!

– Ну, што ж ты стаіш, Вэраніка?
Не бойся! Бліжэй падыдзі!
Я столькі гадоў цябе клікаў –
I ўсё заставаўся адзін!

Я зьведаў хвіліну адчаю
У гэтай чужой старане.
Цяпер адзінота, я знаю,
Навечна пакіне мяне...

За вокнамі пеніўся буйна
Захмелены ялцінскі май.
За вокнамі ўсплёснула бухта:
– Не плач, Вэраніка! Бывай!

Яшчэ ты пасьпееш самотна
Наплакацца ў горкай журбе.
Яшчэ ты адчуеш, як моцна
Яго не хапацьме табе.



Сярэдняя: 4.5 (74 галасоў)

Белыя сыплюцца долу крышталiкi,
Белыя крышацца хмаркi ўгары.
Сосны захутаны ў белыя шалiкi.
Белая мiтусь у белым бары.

Белая, мяккая цiша няхрусткая,
Белай дрымотай спавiты кусты.
Белая казка... Зiма беларуская...
Што ж мне не дорыш снягурачку ты?..



Сярэдняя: 4.5 (34 галасоў)

Гэта не так ужо і сумна
пакідаць жанчыну, калі
ведаеш, што вернецца судна
да яе берага, яе зямлі.
Калі ты знаеш: шляхі твае
зноў прывядуць цябе да яе.
Гэта не так ужо і сумна
пакідаць жанчыну, калі
кліча цябе баявая сурма,
цябе прыспешваюць: "Пайшлі!"
Калі абавязан пакінуць жанчыну.
Будзеш жывы —
сустрэнешся з ёй,
загінеш — перад ёй і Айчынай
ты выканаў абавязак свой.
Самае сумнае — не гэта,
самае сумнае — тады,
калі жанчыну, табой сагрэтую,
ты пакідаеш назаўжды,
і пакідаеш яе не дзеля
нейкіх вышэйшых спраў і надзёй.
Проста мінула кахання нядзеля,
а панядзелак — ростані дзень.
Калі пакідаеш —
з яе дакорам,
з яе уяўнаю віной,
з тым паглядам яе пакорным,
які адчуеш ты спіной,
калі, пакінуўшы адну,
ідзеш ў цішыню,
не на вайну.



Сярэдняя: 4.4 (25 галасоў)

Жнiвень, арэхi i жоўтыя восы,
Што замiналi цябе цалаваць.
Першы маток павуцiны бялёсы.
Пах пераспелай травы ў галавах.

Недзе на пожнi рыпелi калёсы.
Недзе натужна маторы гулi...
Грэшнае шчасце на грэшнай зямлi.
Жнiвень... Арэхi... I жоўтыя восы...