Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

расстанне

Сярэдняя: 4.5 (17 галасоў)

А ці былі яны – размовы
І цуд з табою побач быць?
І тыя позіркі і словы,
Што здольны сэрца растапіць,

І напаіць душу пяшчотай,
І цяплынёй сваёй сагрэць?
Як спадзявалася я, што ты
Ўва мне патрэбу будеш мець!

Ды раптам знішчыла расстанне
Пустыя мары... Вось і ўсё!
О, безнадзейнае каханне -
Бы кандалы на ўсё жыццё!

Ты нават і не развітаўся...
Пайшоў... І свет мой патушыў...
І мне хваробаю застаўся
Вялікі смутак у душы...

Як пакарыцца свайму лёсу?
Хачу забыць тваё імя!
Мальбой узрушваю нябёсы,
Але палёгкі ўсё няма...

З’ядае дні мае і ночы
Боль успамінаў – неспакой:
Усюды бачу твае вочы…
Усюды чую голас твой...

Ці пакаранне мне – разлука?
Ізноў... Ізноў... Ўсё той жа твар!
І, што ні дзень, - ламаю рукі,
І, што ні ноч, – тушу пажар!

І стыне кропелька на скронях…
Бо не сустрэць… Бо не спаткаць…
Але ж, ці хто мне забароніць
Здаля нястомна бласлаўляць?



Сярэдняя: 4.1 (373 галасоў)

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.