Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Аксана Спрынчан

Сярэдняя: 4.3 (4 галасоў)

А ў тваёй руцэ –
не мая рука,
а ў маёй рацэ –
камяні на дне.
Камяні, што кідалі
мы, шчаслівыя,
а кругі ад іх
разышліся, згінулі...
У тваёй рацэ
камень, што не тоне,
на маёй руцэ
крыжык,
каб успомніць...



Сярэдняя: 4.3 (7 галасоў)

Вып’ю кубачак кавы
і пайду на канаву
ўзгадваць маленства...
Сястра Алёнушка
пад старым лунінецкім вязам кажа:
-- Паеду на мора.
І тут жа перадумвае:
-- Не, лепей я пайду
з дзедам на канаву.
Ні дзеда,
ні дзяцінства,
у якім я не любіла каву,
а толькі сырадой...
Але і яго няма,
як няма і старога вяза...
А ёсць любоў
і наш з сястрою жыццёвы пароль:
-- Паеду на мора.
-- Не, лепей я пайду на канаву.



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Вадзіму

З рукі ўзлятаюць пальцы,
нібы птушкі.
Твае – з маёй,
ну а мае – з тваёй.

Твае – у вырай,
за мяжу імкнуцца,
маім –
і ў скутай зімнасці Айчыны
заўсёды ўтульна...
І што ў табе
ад імені твайго –
ляцець ад зім,
ці рыфмаваць з Радзімай?
І што ў табе
ад імені майго? --
Яно –
ад першай літары
з Айчынай.



Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Скрыжаванне са снежнем –
белым крыжам і чорным.
Скрыжаванне з самотай –
светлым крыжам і цёмным.
Скрыжаванне з Радзімай –
вечным крыжам і буднім.
Скрыжаванне з сабою –
белым крыжам і чорным,
светлым крыжам і цёмным,
вечным крыжам і буднім.
І зноўку ратуюць
Каляды...