Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алена Шэр

Сярэдняя: 4.7 (9 галасоў)

Заблудзіўшыся ва ўспамінах,
дэкліную нашы сустрэчы:
лаўка, парк, цёплы восеньскі вечар
супраціў хвілін хуткаплынных
летуценнікам несупынным
праз бясконцасць дарогy ў вечнасць
між жаданнем і прадчуваннем
у сэрцы, розуме й канцавінах
дэкліную нашы растанні,
заблудзіўшыся ва ўспамінах.



Сярэдняя: 4 (6 галасоў)

Твой позірк казыча ўтробу маю,
фарбуе мне шчокі ружовым,
усмешкі збянтэжанай не ўтаю
ў святле ліхтароў вечаровых.

Твой позірк мяне распранае нібы,
разложваючы на асфальце,
і лашчыць, і песціць, і цягне ў нябыт,
а я не спяшаю схавацца.



Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)

Намаж мяне на скібку хлеба
cалодкім трускавічным джэмам,
налі мяне гарачай кавай
у любімы кубак
раніцою
МНОЮ
пачні свой дзень

Мяне стракатым парасонам
у дождж раскрый над галавою,
мяне навінаю цікавай
у газеце прачытай
апоўдні
свой дзень
МНОЮ
ты працягні

Мяне на стомленыя плечы
накінь пухнатай цёплай коўдрай,
мяне цыгараю духмянай
салодка запалі
ўвечар
скончы свой дзень
МНОЮ.



Сярэдняя: 4 (2 галасоў)

Ты настроям маім здзіўляешся
і паводзінам прэтэнцыёзным –
не здзіўляйся, я ж не сур'ёзна,
я ж гуляюся!

Дзёрзкай шчырасці ты пужаешся,
рэагуеш надта нярвозна –
не пужайся, я ж не сур'ёзна,
я ж гуляюся!

Ты збянтэжана ўсміхаешся
на мае пытанні ўскосныя –
не хвалюйся, я ж не сур'ёзна,
я ж гуляюся!

Калі ж мне ў каханні прызнаешся,
папярэджваць ужо будзе позна –
зразумееш: я ж не сур'ёзна,
я ж гуляюся!