Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Георгій Чорны

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Я лячу белакрылаю птушкай
праз аблокі і чорныя хмары,
дзе старонка пяе,
дзе матуля жыве,
дзе квітнелі дзіцячыя мары.

Сустракаюць матуліны вочы
побач з восеньскай кветкай-вяргіняй.
Ціха лашчыць рука
бы струмень малака -
успамінаю калыску-радзіму.

Чую - б'ецца матуліна сэрца,
як заўжды, не шукае спакою.
Шпарка годы бягуць,
падарожжы завуць,
не магу развітацца з табою.

Халадлівым і змрочлівым ранкам
хай запаліць матуля ў печы.
Я цяпло зберагу,
я святло пранясу
праз гады ў бясконцую вечнасць!



Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

У шэрай сповяці туманаў,
у белым змроку, павідні
прайшоў жыцця майго заранак,
наперадзе - нялічаныя дні.

Хай не заўжды ўдача мне свяціла,
і дом не збудаваны да страхі,
засталася ўзбуджаная сіла,
і роздумам напоўнены мяхі.



Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Я на бераг далёкі імкнуся,
дзе віруюцца думкі мае,
прылячу, упаду, застануся,
апынуся ў казачным сне.

Апалюся спякотлівым ранкам,
астужуся ў хвалях марскіх,
летуценню аддам сябе цалкам,
адарвуся ад лёсаў людскіх.

Там надзея спакусай іскрыцца,
і ласкава шапоча лісцё,
там міраж таямніча мігрыцца,
і штодзённых турбот забыццё.

Я лячу, дзе душы ратаванне,
дзе вятры падмінаюць пад дых,
дзе адбітак былога кахання
ў агністых вачах маладых.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Над нівой збажыны
ціха рояцца промні,
сініх кветак званы
далятаюць да скроняў.
А сцяжынка заве
на далёкі пагорак,
птушкай думка плыве
над бязмежнай прасторай.
Я шукаю цябе
ў бялёсых туманах,
у звонкай песні бароў
і ў мроях жаданных.
Хай ляцяць жаўрукі нашых мараў,
і ў сэрцы палаюць пажары,
вусны шэпчуць, бы струны гітары:
"Я кахаю цябе!"
З той далёкай вясны
заімшэла дарога,
спадарожнікі-сны
мой спакой потрывожаць.
Набяжыць над зямлёй
цемра чорнаю хмарай,
я святло запалю -
ясны месяц-ліхтарык.
І знайду я цябе
ў бялёсых туманах,
у звонкай песні бароў
і ў мроях жаданных.
Хай ляцяць жаўрукі нашых мараў,
і ў сэрцы палаюць пажары,
вусны шэпчуць, бы струны гітары:
"Я кахаю цябе!"