Вялікадзякую,
Гасподзь і Творца мой,
за блаславёны небам дар жыцця зямнога:
за кожны дзень з яго дзівоснай навіной –
ад часу досвітку до прысмерку начнога!
Вялікадзякую
за ціхі веліч зор,
за цуд народзінаў агменнага Свяціла,
якое ўсёй Зямлі, імгле наперакор,
даруе шчасцейка святла, цяпло і сілу!
Вялікадзякую
за пацеркі расы
і першых промняў міжгалінкавыя стоды,
за пышнасць квецені і птушак галасы,
якія шчодрасці Тваёй узносяць оды!
Вялікадзякую
за рэкі і лугі,
за азярыны і за ўрочышчы лясныя,
за мілы край мой беларускі, дарагі.
У іншы з'еду – па сваім сардэчка ные!
Вялікадзякую
за лета хараство,
за танга лісцейка і блюз дажджоў асенні,
за ўцехі зімнія – за снег і за Раство,
і за другое белапенне – сад вясенні!
Вялікадзякую
за ночак прыгажосць,
за карагод цікаўных зорак у нябёсах.
І за людзей – усіх, якія побач ёсць
і ўсіх, каго яшчэ знайду на тропках лёсу!
Вялікадзякую
за тое, што заўжды
мяне Сваёй Бацькоўскай Ласкаю вянчаеш.
Усё – ў Табе і Ты – ва ўсім.
О, Бог Святы!
Вялікадзякую!
Вялікавелічаю!
2.06.2014
як заўжды цудоўна, Lazzaro.
як заўжды цудоўна, Lazzaro.