|
удзячнасць
Не раз, не два ў шалёным віры спраў
Са мною рэч здаралася такая:
Ты мне плячо, як сябра, падстаўляў
І мой надум на розум настаўляў.
А мне падзякваць –
часу не хапае.
Не раз, не два зрынаўся я ў бяду
І быў на грані крайняга адчаю.
Ты ратаваў мяне, і мы – удвух –
І праз агонь прайшлі, і праз ваду.
А мне падзякваць –
часу не хапае.
Не раз, не два Ты рукі прасціраў
І нёс мяне над зеўраю – па краі.
Ды я сляды – адныя – назіраў,
Лічыў сваімі, здрадцу дакараў.
А мне падзякваць –
часу не хапае.
Не раз, не два мяне касіла смерць.
Ты мне вяртаў жыццё, змяніцца раіў:
У змрочны час агменем палымнець,
Каб асвяціць кагосьці і сагрэць.
А мне падзякваць –
часу не хапае.
Не раз, не два, знямогшы ў барацьбе,
Я прызываў: "Прыйдзі! Ратуй, чакаю!"
Але ж і сёння болей у журбе
Імкнуся я, Гасподзь мой, да Цябе.
А на падзяку
часу не хапае...
31.05.2014
Вялікадзякую,
Гасподзь і Творца мой,
за блаславёны небам дар жыцця зямнога:
за кожны дзень з яго дзівоснай навіной –
ад часу досвітку до прысмерку начнога!
Вялікадзякую
за ціхі веліч зор,
за цуд народзінаў агменнага Свяціла,
якое ўсёй Зямлі, імгле наперакор,
даруе шчасцейка святла, цяпло і сілу!
Вялікадзякую
за пацеркі расы
і першых промняў міжгалінкавыя стоды,
за пышнасць квецені і птушак галасы,
якія шчодрасці Тваёй узносяць оды!
Вялікадзякую
за рэкі і лугі,
за азярыны і за ўрочышчы лясныя,
за мілы край мой беларускі, дарагі.
У іншы з'еду – па сваім сардэчка ные!
Вялікадзякую
за лета хараство,
за танга лісцейка і блюз дажджоў асенні,
за ўцехі зімнія – за снег і за Раство,
і за другое белапенне – сад вясенні!
Вялікадзякую
за ночак прыгажосць,
за карагод цікаўных зорак у нябёсах.
І за людзей – усіх, якія побач ёсць
і ўсіх, каго яшчэ знайду на тропках лёсу!
Вялікадзякую
за тое, што заўжды
мяне Сваёй Бацькоўскай Ласкаю вянчаеш.
Усё – ў Табе і Ты – ва ўсім.
О, Бог Святы!
Вялікадзякую!
Вялікавелічаю!
2.06.2014
Я дзякую вам!
За любоў, дарагія мае
сустрэчнікі і спадарожнікі шляху зямнога, —
паплечнікі, звёўшыя тропкі — маю і свае —
на міг — і на век аб'яднаныя дальняй дарогай.
Я дзякую вам!
Як настаўнікам сэрца майго —
камусьці за ўрок (і за жорсткі, сябры, не крыўдую),
камусьці за ўзор і за прыклад яскравы таго,
як жыць, і любіць, і узносіць Тварцу "Алілуя!"
Я дзякую вам!
І вітаю, як сонца святло,
пачуцці і думкі высокія, ўчынкі і словы.
А хмаркі на небе... развеем, нібы й не было
між намі ніколі нічога даждліва-хмурнога.
Я дзякую вам!
І люблю вас, як тое дзіця,
якое, хаця й пасталела... да стану дарослых,
не вырасла з веры ў бясконцае свята жыцця
і ў тое, што ўсе мы — радня...
па зямлі і нябёсах.
05.2018
Дзякую, нябесны Ойча,
што стварыў мяне аднойчы,
што ў халодны дзень зімовы
небыцьця разьбіў аковы,
адчыніў жыцьця мне дзьверцу,
і застукалася сэрца.
Я Тваім ягняткам стала,
Бо любіў Ты дасканала.
Дзякуй, Божа, за малітву,
што гучыць
у кожнай бітве з сатаною
дзіўным сьпевам,
каб з Тваім Айцоўскім гневам
прымірыцца назаўсёды.
За малітву, што народы
лучыць моцаю цудоўнай
і надзеяю чароўнай.
Дзякуй за Марыю-маці,
у якой усе мы брацьці;
за яе сьвятыя ўзоры
веры, мужнасьці, пакоры..
За заступніцтва й апеку
матчыны для чалавека
і за цуд Унебаўзяцьця
Беззаганнага Зачацьця.
Дзякуй за жыцьцё у міры,
неба белага эфіры,
за бязьмежжа супакою,
што ласкаваю рукою
сьцеражэш у нашых душах,
каб спаўнялі волю слушна
Тваю, Божа наш, сьвятую,
бо яна нас накіруе.
Дзякуй, Пане, за Радзіму,
наймілейшую, адзіну,
за зямлю, што з песьняй продкаў
расквітнела нетаропка.
З Тваёй Божай дапамогай
сталася яна не ўбогай
і нядужнай, а у зяньні
сонца промняў і каханьні
фарбамі цьвіце свабоды
на хвалу Табе й народу!
Кіра
|