Якія слаўныя дзянькі!
Спяваюць птушкі, сонца свеціць.
Вясна шыбуе нацянькі
Ад першатраўя да суквеццяў.
Ўзмахне абшэўкай рукава,
Нібы паказваючы фокус, -
І расцвітае сон-трава,
І маці-й-мачыха, і крокус…
Кране далонню сонны сад,
Падзьме на вішні і на слівы –
І аглядае далягляд:
Ці не замала пабяліла…
А ў цеплыні напрыканцы
Красавіку - ў пачатку мая
Аднекуль з глебы дзьмухаўцы,
Бы мора шчасцейка, ўздымае.
Яны палянкай залатой
Цвітуць, бы сонечныя вочкі…
І цягне бегаць басатой,
Сплятаць вясёлыя вяночкі,
Глядзець на яблыню ў красе,
На ландыш – цуд бялюткай цноты...
І адчуваць, што ў мілаце
Расталі клопаты-турботы…