Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Антаніна Хатэнка

xatenka.jpeg

Нарадзілася ў 1956 годзе ў вёсцы Зенькаўцы на Зэльвеншчыне. Скончыла пружанскую школу-інтэрнат (зараз — СШ №4).

Першай вядомай спробай паэзіі быў гімн гораду Пружаны. Культуролаг. Аўтар кніг «Здзічэлае рэха вясны», «Зніч крыжовых дарог», «Чалавек на далоні Сусьвету» і інш.



Сярэдняя: 4.4 (12 галасоў)

У вечаровай зыбцы цішыні
задумліва зямля калыша стому.
Святая ноч запальвае вагні —
я з выраю вяртаюся дадому.

Пра што са мной гавораць курганы —
у гэтым свеце не чутно нікому.
He паланянкай хіжае маны —
я вольнаю вяртаюся дадому.

Малюся вам, адвечныя муры,
дубам-асілкам, бальшаку старому.
...Душа мая на жэглішчы гарыць,
зняможана вяртаецца дадому.

Царква пад белай наміткай вякоў.
Ідзе настрэчу гордая Рагнеда.
Балюча слухаць змову чужакоў.
Балюча праўду Бацькаўшчыны ведаць.

Пакутна йсці насуперак мане
па вострым краі чорнага разлому...
Сварожа-Божа, зберажы мяне —
вядзі дарогай светлаю дадому.



Сярэдняя: 5 (5 галасоў)

Ціха пад вокнамі дыхае вечар.
Ноч атуляе стамлёныя плечы.
Зорных нябёсаў таемнае веча
Душы Дзядоў выпраўляе на стрэчу...
На далані маёй дыхае свечка.
А над Айчынаю дыхае вечнасць.

Жаліцца небу старэнькая груша —
веццю счарнеламу завязь не гушкаць...
Памяць астылае лісце варушыць.
Гуслі Дзядам спавядаюцца скрушна.
З выраю жальна вяртаюцца птушкі —
чуйныя родныя дыхаюць душы.

...Стогне Радзіма, з няволяй павенчана,
хіжаю шабляй варожай пасечана.
Здраднай касой курапацкай скалечана.
Попелам чорнае былі апечана...
...I паўстае — неадольная, вечная,
гордаю княжай крывёю асвечана.

Перад балеснай зямелькай укленчу —
чую: магілы паўстанцкія енчаць,
чую: адчайным заходзяцца крэчам
хаты пустыя, астылыя печы.
Чую самоту дарогі адвечнай —
боль невылечны і жаль чалавечы.

Белая поўня над чорнаю пожняй.
Дыхае свечка, на вечнасць варожыць.
Мовай чужынскай і воляй варожай
не пакарай мяне, праведны Божа!
Белай Краіне не згінуць парожняй —
абарані ад бяспамяцтва, Божа!

З веку мінулага дыхае вецер.
Дыхае памяць у зорным Сусвеце.
Свеціць паходня, у цемрадзі свеціць.
...Белае мроіва неба парушыць.
Белай малітвы начное не рушу.
Пад абразамі на покуці — душы...



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Знікну. А ўсё застанецца:
белай завеі лісты,
голас касмічнага сэрца,
сум лістабою і ты.

Ты — незнаёмы, нязнаны...
Мара мая ці ўспамін?
Пахам салодкага зману
думкі вярэдзіць язмін.

Знікну. Сказаць не паспею,
як я чакала цябе
ў зімалётныя спевы,
у ліставейнай журбе.

Тахкае ў скроні гадзіннік.
Прывідна ноч растае.
Сцежкі так блізка вадзілі
каля дарогі твае.

Гасну. Надзеяў пялёсткі
б'юцца ў чужое вакно.
...Хвалі трывожнае плёскат
будзіць халоднае дно...