Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Георгі Станкевіч

Сярэдняя: 4.3 (3 галасоў)

Аблокі памяці
Аблокі маёй памяці
Плывуць удалячынь,
Пакружацца і зноў
Лятуць у вырай.
Але мне і сумаваць цяпер
Зусім няма прычын,
Калі сказаць вам
Ад душы і шчыра.

Я лёгкай дзьмухавінкаю
Ўзьлятаю да аблок,
Жыцьцё сваё
З нябёсаў аглядаю.
Як добра, што ўсё дробнае
Ня бачыцца здалёк,
Як добра, што ўсё дрэннае
Зьнікае.

Суседжуся тут з птушкамі
І зь ветрам, і парой
Сам станаўлюся
Трошкі бесхацінцам.
Здаецца, яшчэ крышачку –
Ўзгадаецца пароль
Ў краіну непаўторную
Дзяцінства.

Аблокі маёй памяці
Памчаць тады на ўрок,
Дзе ты якраз
Перада мной сядзела.
Вярнуцца б на хвілінку,
Каб паправіць касьнічок,
Той, за які калісьці
Тузаў сьмела.

Аблокі маёй памяці
Плывуць удалячынь,
Пакружацца і зноў
Лятуць у вырай.
Але мне і сумаваць цяпер
Зусім няма прычын,
Калі сказаць вам
Ад душы і шчыра.

Я ўдзячны вам, аблокі,
Што для вас няма мяжы,
Што з вамі можна
Вандраваць бясконца.
Аблокі маёй памяці
Плывуць удалячынь,
Ў краіну, дзе заўсёды
Сьвеціць сонца.
19.05.2013



Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)

Беларусь
Зьнічак рой дрыжыць над палянамі,
досьвіткі ўстаюць палымяныя,
уваччу плыве – нібы п’яны я,
і, як сон – тваіх дотык рук.

І хоць мары спрэс здратаваныя,
думкі зорныя – пахаваныя,
у цябе адну закаханы я,
родная мая Беларусь.

Жаўталісьцем дрэў упрыгожана,
дываном сьнягоў заварожана,
музыкай адвечнаю Божаю
ўлетку заняволяць гаі.

Птушкай, што кружляе над пожняю,
ўсьмешкай сонца ў небе апошняю,
ці бярозкаю прыдарожнаю
ў задуменьні моўчкі стаіш.

Зьбітая, сагнутая стратамі,
у сваёй зацятасьці ўпартая.
Да кары шчакой, да шурпатае
прыхілюся сьцішана я

і прысьню: ты больш не за кратамі,
сонца твар праменьнямі кратае,
і ў нябёсы ўзьнёсла-крылатая
узлятае песьня твая.

Зьнічак рой дрыжыць над палянамі,
досьвіткі ўстаюць палымяныя,
уваччу плыве – нібы п’яны я,
і, як сон – тваіх дотык рук.

І хоць мары спрэс здратаваныя,
думкі зорныя – пахаваныя,
у цябе адну закаханы я,
родная мая Беларусь.
02.03.2013



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Зорны воз
Мне – чатыры гадкі.
Кожны дзень штосьці новае дорыць.
Я распытваю ўсіх і пра ўсё
і матаю на вус.
Сёньня сена вязём,
трактар іскры шпурляе ў прасторы.
Я упэўнены: іскры, як зоры,
ў нябёсах жывуць.

Прачынаецца ноч,
зор на небе ўсё болей і болей.
Найбуйнейшыя зьзяюць,
як гумкай нацёрты пятак.
Маці кажа, што кожная
сьвеціцца з Божае волі,
і што зорка мая паміж імі
гарыць дзесьці там.

Воз крыху калываецца,
мякка на ім, як на ваце.
Ён праз зорную плынь,
быццам човен вялізны плыве.
Я скажу вам па шчырасьці,
хоць мне было страшнавата,
але з бацькам быў згодны я плысьці
за сьвет цэлы век.

Калі вочы прыжмурыш,
то неба становіцца плыткім,
зоры побач зусім,
так што можна пакратаць рукой.
Потым я засмучаўся, што
не нанізаў іх на нітку,
вось бы цуда-маністы былі
для матулі маёй…

Я не ведаў тады,
колькі часу я буду ў дарозе,
колькі сена вазоў
пад рубель мне жыцьцё накладзе.
Ды да зорак бліжэй,
чым на першым, на бацькавым возе,
у жыцьці я не быў
аніколі,
ні з кім
і нідзе.
05.03.2013



Сярэдняя: 4.5 (4 галасоў)

Калі сэрца сьціскаецца
Ад невылечнай журбы,
Калі неба ад ранку
Блакітных вачэй не расплюшчвае,
Завітаю ў кнігарню,
Каб кніжку ўспамінаў набыць,
Бы ілбом прытуліцца
Да мяккай матульчынай плюшаўкі.

У кнігарні пустэльна,
І сэрца няўпэўненасьць сьсе:
Прадавачкі глядзяць ва упор
Кабыліцамі сытымі.
Мне адкажа адна:
“Успаміны прададзены ўсе,
Засталіся адно дарагія,
Якіх не запытваюць.”

Я куплю самы тоўсты
Ўжо цьвіллю пацягнуты том,
Разгарну наўздагад,
Толькі выйду з кнігарні на ганак.
І раз’ясьніцца неба
Захмараны шчыльна франтон,
І ўсьміхнецца блакітам
Завеісты студзеньскі ранак.

29.01.2013