Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Вера Вярба

Нарадзілася 14 студзеня 1942 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна ў сям'і служачых. Сапраўднае імя - Гертруда Сакалова. У 1958 г. скончыла сярэднюю школу ў Мінску і паступіла на філалагічны факультэт БДУ, які скончыла ў 1964. Працавала пазаштатным карэспандэнтам часопіса «Маладосць» (1964—1969), старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта СМ БССР па друку (1969—1971). 3 1972 г. — літсупрацоўнік, потым загадчык аддзела пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», з 1977 г. - пазаштатны карэспандэнт часопіса «Работніца і сялянка», з 1980 г. - у часопісе «Беларусь». Член СП СССР з 1964 г., абіралася членам бюро секцыі паэзіі СП БССР.

Дэбютавала ў 1958 г. вершамі ў рэспубліканскіх часопісах («Полымя», «Вясёлка», «Работніца і сялянка»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Вочы вясны» (1962), «Белыя пісьмы» (1967), «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Мая маленькая планета» (1982), «Яраслаўна» (1986). Выйшла кніжка вершаў для дзяцей «Пралеска» (1968). У 1976 г. выйшла «Выбранае», у 1987 г. - кніжка выбранай паэзіі «Белыя пісьмы».

Верш «Ручнікі», пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў папулярнай песняй (апроч гэтага, песні на вершы паэтэсы напісалі I. Барсукоў, Л. Свердзель). Творы Веры Вярбы перакладаліся на рускую і інш. мовы. Пераклала на беларускую мову «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» Р. Фраермана (1975).

Viarba.jpg


Яшчэ не ацэнена

У бабулі маёй
Рукі лоўкія,
У бабулі маёй
Песні доўгія.

Разматае клубок
З новай казкаю,
Прыйдзе хітры каток,
Трэцца з ласкаю.

Хоча лапкі пагрэць,
Завуркоча ён,
Ні гуляць, ні дурэць
Нам не хочацца.

Вось і дзень праляцеў,
І не спіцца нам.
Бабка казкі пляце
Чараўніцаю.



Яшчэ не ацэнена

З маленства яны нас
Да сэрца гарнулі,
Пяшчотныя, добрыя
Рукі матулі,
Што з ранку працуюць
Няспынна і лоўка -
Дачушку накормяць,
Прычэшуць галоўку,
Кашулю пашыюць,
Правераць задачу
І сына суцешаць,
Калі той заплача.
Матуліны рукі
Нас цешаць, галубяць,
Так шчыра, як маці,
Ніхто нас не любіць.
Матуліны рукі -
Адзіныя ў свеце,
Шануйце, любіце
Заўсёды іх дзеці.



Яшчэ не ацэнена

Белыя бярозы
Спалі на узлеску,
Як сваю галоўку
Узняла пралеска.
Тоненькую ножку
З-пад пярыны белай
На зямлю пралеска
Ставіла нясмела.
А снягі наўкола —
Ні канца ні краю,
Страшна стала кветцы:
«Я адна — жывая!»
Кажа зверху сонца:
«Зорачка лясная,
З новым нараджэннем
Я цябе вітаю!»
Белыя бярозы
Разам зашапталі:
«Мы цябе, пралеска
Ўсю зіму чакалі».
І старая елка
Голасна ўздыхнула:
«Лета надыходзіць,
А зіма мінула».