Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Віктар Леаненя

Сярэдняя: 4.6 (5 галасоў)

Вусначкі, вусны! Мяне пацалуйце…
Вусначкі, вусны, – малінай гараць.
Жарсці сваёй для мяне не шкадуйце –
Я вас не буду зусім шкадаваць.

Будзеце заўтра, распухлыя вусны,
Вабіць мяне і саромецца зноў.
Я падкрадуся – таемна і хлусна,
Ды зацалую вас, вусны, без слоў.

Вусначкі, вусны! І вы пацалуйце,
Хай і мае, як маліна, гараць…
Жарсці сваёй для мяне не шкадуйце, –
Я вас не буду зусім шкадаваць!



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Над лугамі гудуць медагоны,
І жаўрук так натхнёна пяе!
Сонца промні злаўлю я ў далоні,
Перасыплю ў далоні твае.

Я аддам табе ўсю многаквецень,
Ручаём абцалую цябе,
Абдымацьму салодка, як вецер,
Абдымае каткі на вярбе.

Краскі выпрашу я у вясёлак,
У лясоў – іх загадкавы сон,
У маланкі я вымалю сполах,
У званоў – іх малінавы звон.

Я злаўлю салаўіную песню
І у сэрца тваё пералью,
Каб аж некалі ў новую весну
Ты ізноў мне сказала: «Люблю!»



Сярэдняя: 5 (8 галасоў)

Пастукаўся дожджык у вокны, –
Ніхто яго ў дом не пусціў,
І ён, небарака, маркотны,
Па шыбе слязінку скаціў.

Патупаў яшчэ каля хаты,
Ды лугам паволі пайшоў…
І раптам убачыў: дзяўчаты
Схаваліся там пад стажок!

Смяюцца, а зубы – як брошкі,
Шчабечуць яму: на, дастань!
А вочы, як тыя валошкі,
І аж екатала гартань.

А дождж малады быў, вясновы,
Маркоціцца доўга не мог:
Узяў, сыпануў без прадмовы
Гуллівым дзяўчатам пад стог!

І ён цалаваў ашалелых
Дзяўчат праз разгублены смех…
Я думаў: чаму я нясмелы?
Чаму я услед не пабег?



Сярэдняя: 5 (7 галасоў)

Пакуль жывы – не песці цела.
Пакуль жывы – забудзь пра млосць.
Пакуль душа не адляцела, –
Успомні: на Зямлі – ты госць.

Жывеш і многа ты, і мала,
Сваю грызеш таемна косць,
Марнуеш час свой, як папала, –
Ты помні: на Зямлі – ты госць.

Страляў і бэсціў, рушыў, плыжыў,
Ты, безразважны ягамосць!
Ці ўсе учынкі ты узважыў?
Забыў, што на Зямлі ты – госць?

Дык азірніся, чалавеча;
Вакол пануе прыгажосць,
Красуе ўсё, усё трапеча, –
Прырода вечная, ты – госць.

Табе сусвет даў гэтак многа,
Ды адчыніў не ўсё наскрозь.
Падумай, дзе твая дарога?
Бо на Зямлі – ўсяго ты госць.