Зноў распінаюць Хрыста на крыжы.
Зноў – за чужыя заганы.
Божа! Пачуй галашэнне душы –
вязніцы, плоццю скаванай!
Злодзеі, блуднікі чыняць прысуд.
Сэрца у кожнага – камень.
Збілі душу, як з галінкі расу,
цела працялі цвікамі.
Слез і крыві патрабуе натоўп,
брэша і шчэрыцца: "Вінны!"
Ойча нябесны! Як можна? За што?
Хто ў Ім угледзеў правіны?
Ён быу ціхуткага ветру цішэй,
весняга сонца ласкАвей.
Мо не ўпісаўся ў зямное клішэ,
лечачы хворых рукамі?
Можа, Ён бліжніх сваіх не любіў?
Ці да дабра прымушаў іх,
даўшы паняць, што бязвер'е – абрыў,
бездань – без Божае славы?
Што не прагрэс у нас – наадварот –
мы ў заняпадзе, рэгрэсе:
ў свеце балюе шальны карагод
мноства пранырлівых бесаў.
Бес беззаконня гвалтуе закон,
бес бессардэчнасці – сэрца,
бес беспрасвецця вядзе пад адхон
хісткі цягнік паняверцы.
Бес бескультур'я схіляе на мат –
творыць рабоў чарнаротых.
Бес беспрабуднага п'янства як кат
зводзіць у пекла гаротных.
Бес бессаромнасці сорам крадзе,
юрам істоту гвалтуе.
Хто не ўстаіць, апынецца ў бядзе –
бес, ухапіўшы, лютуе!
Бесы й пачуцці, і розум-надум
з мэтай вар'яцкаю муцяць,
многіх палоняць і, сеючы тлум,
прагнуць жніва каламуці.
А над зямлею мальбою гучаць
Сына распятага словы:
Божа! Памілуй! Дай ім ачуняць!
І навучы іх любові!
3.05.2014
Цудоўна напісана: "Божа!
Цудоўна напісана:
"Божа! Памілуй! Дай ім ачуняць!
І навучы іх любові!"