Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ізноў запальваюцца свечкі на каштанах...

Сярэдняя: 3.7 (19 галасоў)

Ізноў запальваюцца свечкі на каштанах.
Ізноў чаромха на зямлю губляе цвет.
А я загадваю, жадаю апантана
хаця б гадочак паглядзець яшчэ на свет.

Я прагну ўслухацца ў малітвы дрэў вясновых,
калі яны, абапал вулачкі, шашы
узносяць радасным галлём падзякі словы
Тварцу ўсяго: і першацвету, і душы;

пасмакаваць удосталь веснія харалы
шальнога птаства – гімны шчасця і любві –
і ласкай сонейка сагрэцца, каб растала
ільдзінка сэрца і затахкала: "Жыві!";

палюбавацца на мурог і дзьмухавечкі –
адбіткі радасці нябеснай на траве –
і праімчацца басанож да цуду-рэчкі,
якая бліскаўкамі летнімі заве;

аддацца хуткага цячэння вольнай хвалі
праплыць да стомы, потым лечгы на спіну
і ўбачыць неба ў аблачынкавай вуалі
неверагодным – як якуюсь навіну;

пасля на балю кветак ліпеньскага лугу
уславіць Бога за чароўную красу,
і звонам жаўранка сваю развеяць скруху,
і слёзы светлыя прасыпаць, як расу;

натхніцца восенню – заўсёды непаўторнай,
апалым лісцем залатым пашамацець,
і задыхнуцца вышынёй зіхотка-зорнай,
і на зямельку знічкай-кропелькай зляцець.

А напярэдадні пары зімовай смерці
залегчы ў спячку да чарговае вясны
і адысці...
не, не ў труну,
не, не памерці –
у весні дзень –
у ачмурэннай явы сны.

4.05.2014



цудоўна, вельмі цудоўна

цудоўна, вельмі цудоўна

цудоўна напісана

цудоўна напісана

цудоўны верш, так кранальна

цудоўны верш, так кранальна напісана, што працінае душу наскрозь.