Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць

Аэрография на шлеме покраска шлемов.

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алег Салтук

Нарадзіўся 25 жніўня 1946 года ў вёсцы Рыжэнькі Шумілінскага раёна ў сям'і патомных хлебаробаў. Маленства і пачатак юнацтва прайшло на радзіме маці, Шуміліншчыне, а потым сям’я пераехала на радзіму бацькі ў вёску Якаўкі Ушацкага раёна. У 1963 годзе скончыў Мішкавіцкую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Аркадзя Куляшова. Пасля заканчэння інстытута (1967) служыў у Савецкай Арміі. У 1969-73 гадах — адказны сакратар раённай газеты “Патрыёт” (г.п. Ушачы). 3 1974 года — ўласны карэспандэнт абласной газеты “Віцебскі рабочы”. 3 1980 года па 1999 год — сакратар Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Яшчэ ў школьныя гады дасылаў допісы ў раённую газету “Герой працы” (г.п. Шуміліна) і ў “Піянер Беларусі”. Першы верш надрукаваў у 1965 годзе ў газеце “Магілёўская праўда” з адабрэння А. В. Пысіна, які быў яго першым літаратурным настаўнікам.
Аўтар зборнікаў паэзіі “Пачатак дня” (1974), “Працяг” (1977), “Святло зямлі” (1982), “На далонях жыцця” (1988), “Святло зямлі” — выбранае (1992), “Трывога лёсу” (1996), “Не разлюбі” (2003).

У перакладзе на рускую мову друкаваўся ў калектыўных зборніках “Молодые поэты Белоруссии”, “Истоки”, “Слово по кругу”, “Беларусь моя”; у часопісах “Наш современннк”, “Звезда Востока”, “Дружба народов”, “Польша”, “Огонек”, “Сузор'е”,
“Литературной газете”.

Творы паэта перакладаліся таксама на ўкраінскую, польскую, балгарскую, нямецкую, асецінскую мовы. Перакладае на беларускую мову вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў.

Лаўрэат літаратурных прэмій Ленінскага камсамола Віцебшчыны, імя Уладзіміра Караткевіча, часопіса «Маладосць», «Сузор'е муз».

Saltyk.jpg


Сярэдняя: 4.5 (71 голас)

He журуся, што час адлятае,
Толькі хай праз мяне ён ляціць
I ў прадонне душы ападае
З яго тое, што можа свяціць.

А калі ж пападзе туды морак,
Знаю я — пераможа святло,
Хоць і радасці меней, чым гора
На зямлі спакон веку было.

Адгарую сваё,
Адсмяюся.
Як адзін толькі я так магу.
I за смех, і за плач застануся
Прад людзьмі ў найвялікшым даўгу.



Сярэдняя: 4.7 (60 галасоў)

He трэба спачувальных тэлеграм —
Папера рвецца і ліняюць словы.
Часова ўсё, да роспачы часова.
Любіце тут.
Любіць дарэмна там.
Бо чалавек жа бачыцца здалёк.
Бо чалавек жа бачыцца па справах.
Няма яго між правых і няправых —
Ён з горкім жвірам у нябыт пацёк.
Ды ці ў нябыт?
Мо вернецца сюды
I нам шырэй на ўсё адкрые вочы?..
Глытком крынічнай першаснай вады,
Дубком на ўзлеску вечна маладым,
Тым вернецца, чым сам сабе прарочыў.
Цяпер яго любіце.
He тады.



Сярэдняя: 4.9 (39 галасоў)

Штурхалі нас і распіналі
На дыбах, плахах і крыжах.

Мы з нежывых уваскрасалі
З вялікай помстаю ў вачах.

На рубяжах святла і ценяў,
На пакалечанай зямлі
Мы паднімаліся з каленяў,
He паміралі —
Мы жылі.

Спявалі, галасілі ўголас
Сярод пустэч,
Сярод балот.
Нібы прыбіты градам колас,
Да сонца браўся мой народ.

Адкуль у нас такая сіла,
Магутная, як крыгалом:
Нас і палолі, і касілі,
Цапамі войнаў малацілі,
А мы расцём,
А мы жывём!