Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мікола Кандратаў

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

* * *

Вядомы ў каралеўстве дацкім
прысню сумнеў.
Гуляцца ў словы, нібы ў цацкі, –
не для мяне.
Душа даўно пару забавы
перарасла,
а плыць бліжэй да таннай славы –
шкада вясла.

А хвалі плешчуцца аб крыгі –
вякоў грахі –
і падмываюць сон Нямігі,
дзён берагі,
дзе, як на могілках забытых,
народ жыве.
Развеяў німбы час нібыта
і знік, як звер.

Але нябёсы помняць радасць
і боль жывых.
І адчуваеш сэрцам: варта
глядзецца ў іх.
Хай словы не шукаюць славы,
яны ў цане.
Гуляцца імі ў час крывавы –
не для мяне.



Яшчэ не ацэнена

* * *

Памяці Зміцера Сідаровіча

Галасы – каласы пад сярпом Тваім, Божа.
Песня корміць, як хлеб.
І ў ліхія часы нават тым дапаможа,
хто знямеў ці аслеп.

Нават тым, хто не мае душэўнае цноты –
усвядоміць свой род.
А народ, што адно – за зямныя даброты,
ну які ён народ?

Галасы застаюцца, як душы зямныя,
што даюцца не ўсім
у дадатак да той, што памкнецца ў вышыні
праз сутонне і дым.

Кожны голас такі нашы лекуе сэрцы
ад знямогі і ран.
Кожны голас такі для жывых застаецца,
як зямны талісман.



Яшчэ не ацэнена

* * *

Зірніце навокал – як здорава:
пад сонцам танцуюць дажджы!
Вясёлкі гуляюць над горадам,
чапляюць за сосен крыжы.

Гукаюць нібы за ваколіцу –
шукаць таямніцы працяг.
І хочацца сэрцу, і колецца,
гарэзлівым стаць, як дзіця.

І верыцца сэрцу, і помніцца
усё, што змагло перажыць...
І восені лёгкая конніца
услед за гадамі імчыць.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

* * *

Заблішчаць купалы на Купалу
ад высокіх паганскіх кастроў,
нібы з даўніх стагоддзяў паўсталых,
каб сагрэць нашу кволую кроў.

І ў глыбінях душы адгукнецца
патаемнае нешта, як звон.
Сэрцу некуды будзе падзецца,
сэрца мусіць скакаць праз агонь.

Вусны вуснаў крануцца нясмела,
сэрцы смеласці вуснам дадуць.
А пасля, распрануўшыся, целы
у купальскую ступяць ваду…

У сучаснай заблытанай драме
нібы краты над намі вісяць.
Толькі наша спрадвечная памяць
прагне Папараць-Кветку шукаць.