Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Зьміцер Давыдзенка

Сярэдняя: 4.2 (6 галасоў)

Кожны чуў: наш край маркотны,
Анічога ў ім няма,
За мяжой шукай вабноты,
Не губляй тут час дарма.

Бедаком сябе лічыць —
Гэта сорам, браце:
Ты зірні — вакол ляжыць
Дзіўнае багацьце.

Граньне гусьляў, флейты сьпеў,
Гук дуды магічны,
Шэпт лістоты старых дрэў,
Рух вады крынічнай,

Бліскавіц вясновых зьзяньне,
Пошум пушчаў і дуброў,
Вод імклівых віраваньне,
Статкі лосяў ды зуброў,
Соснаў гожых калыханьне
Ды паселішчы баброў —

Краю нашага аздобы.
Толькі крокі запаволь,
Скінь свой смутак і жалобу,
Адпачыць душы дазволь.

Выйдзеш зранку ўвесну ў поле —
Там шчабечуць жаўрукі.
Зойдзеш у лес, дзе дыхаць вольна —
Бой вядуць цецярукі...

А касьцёлаў ды капліцаў —
Нібы пэрлін на дне мора,
Замкі, вежы, сьцен байніцы,
Там схаваны таямніцы
ў сутарэньнях, калідорах.

З чоўнам, роварам ці пешкі
У край сьпяшайся цераз Мёры,
Дзе блакітныя прасторы.
Вабяць там лясныя сьцежкі,
Леднікоў эпохі рэшткі —
Камы, озы ды азёры.

Там рупліўцы адраджаюць
Старажытныя рамёствы,
Да мастацтва дотык маюць
і маленькі, і дарослы.

Войса, Струста, Снуды, Несьпіш —
Цуд такі ты ў сэрца ўмесьціш.
Ноччу ў іх глядзіцца месяц.
Толькі ў воды іх нырніце,
Ці з пагорка паглядзіце —
Згадкі лепшыя ўваскрэсяць.

Варты жалю той бядак,
Хто ў нару забіўся
і ад скарбаў тых, дзівак,
Сам адгарадзіўся.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Ноч, даўжэйшая ў годзе,
Неўзабаве надышла.
З першай зоркай у народзе
Запрашаюць да стала.

Стол стаіць, пакрыты сенам,
А на ім абрус ляжыць,
У мігценьні летуценным
Елка ля вакна стаіць.

У кутах — снапы са збожжа,
У місцы на стале — куцьця:
Талісман ад сіл варожых,
Сымбаль вечнага жыцьця.

Хутка ўся сям’я зьбярэцца,
Прыйдуць добрыя сябры,
Згода ў хаце застанецца,
Звады й крыўды — на двары.

З кожным паламай аплатку,
Каб традыцыя жыла,
У доме пажадай парадку,
Дабрабыту і цяпла.

Жонка мужу пажадае:
Каб ты сьвету не відаў
З-за вялікага ўраджая
(Ды здароўя не губляў).

Гаспадар адкажа жонцы:
Хай жа буйных гарбузоў,
Буракоў, гуркоў ды морквы
Хопіць нам да маразоў!

Пачынаюцца варожбы:
Сьверб дзяўчын апанаваў,
Каб хлапец які харошы
Шлюб хутчэй прапанаваў.

З-пад абруса ты сьцяблінку
Асьцярожна выбірай:
Возьмеш доўгую былінку —
Будзе добрым ураджай.

Адчыняй шырока дзверы,
Паважаны гаспадар:
Калядоўшчыкаў намеры —
Атрымаць за песьні дар.

Тут Каза, Мядзьведзь ды Конік
Віншаваць цябе прыйшлі,
Час запляскаць у далоні:
Добру вестку прынясьлі.

Сьвята слаўнае Калядаў
Лучыць розныя часы:
Да язычніцкіх абрадаў —
Хрысьціянаў галасы.

Уся Эўропа адзначае
Збаўцы вечнага прыход.
Хай Пан Бог ва ўсім спрыяе
ў гэты дзень і ў новы год!



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Баўлю час я ў дзіўным краі
Ля падножжа Альпаў стромых
і мясьцін, з якіх паходзіць
Пан вялікі Жыгімонт.
Прамысловасьць тут буяе,
Беспрацоўе невядома.
Край памежны гэты носіць
Гучнае імя П’емонт.

Тут лацінская культура
Сустракаецца з паўночнай,
Экспрэсіўная натура
Стрыманай глядзіць у вочы.

У размовах ужываюць
Рыма-гальскую трасянку.
Стравы грапай дапаўняюць
На вясёлай пагулянцы.

Экстрэмальная прырода,
Да дзівацтваў клімат схільны.
Гор узьняты ў неба мост...

Тут паўлін трымае горда,
Нібы сьцяг ці герб фамільны,
Доўгі свой стракаты хвост,
Ці павольна пераходзіць
З сябруком аўтадарогу,
Не зважае, што кіроўца
Можа хвост адпрасаваць...

Ноччу кот на шафе шкодзіць,
Ці сігае на падлогу,
Трэба шчыльна зачыніцца,
Калі хочаш добра спаць.

Край той горны, навальнічны:
Часта ў ім маланкі неба
На кавалкі расьсякаюць,
Вецер шкоды шмат наносіць,
Дрэвы і платы ламае
і дарогі засьцілае
Лісьцем і гальлём сучастым.

Сонца ўсё раней заходзіць,
і паўлін свой хвост адкінуў,
Стаў жывёлай непрыкметнай,
Нібы курыца ці гусь.

Пэўна, час прыйшоў, народзе,
Нам вяртацца ў краіну
Памяркоўнасьці адметнай,
Больш прывычнай — Беларусь.



Сярэдняя: 2 (3 галасоў)

Дзяўчыначка юная Міла
З хлапцамі ліхімі пайшла,
Аўтобус апошні згубіла,
Дарогу дамоў не знайшла.
Завабілі хцівыя хлопцы
У дзікі далёкі гушчар.
Увёз невядомы кіроўца
Ад гэтых бяздушных пачвар.
У хаце агеньчык самотны –
Дзядуля сівенькі ня сьпіць,
З-за ўнучкі Людмілкі гаротнай
Ягонае сэрца баліць.
Калоціцца сэрца і плача,
Дзяўчыначка, дзе жа ты, дзе?
Твой шлях хіба месяц адзначыць,
і неба счарнела ў нудзе.
“Ня слухала б хлопцаў паганых,
Што ў пастку цябе завялі,
іх словаў салодкіх, падманных”, -
Ёй кажуць лясы і палі.
Край браслаўскі гадам адпомсьціць –
У холадзе й цемры сядзяць.
Хай кожны нягоднік запомніць,
Як дзеўчын самотных кідаць.
Вось неба сьлязьмі залілося,
і шэпчуцца сосны ў журбе...
Хутчэй бы, Людмілка, ўдалося,
Нарэшце пабачыць цябе!