Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі «Развітанне»

Сярэдняя: 5 (6 галасоў)

Родны мой Пімен Панчанка,
Вы сказалі: настала змярканне?
Вы сказалі на маці мачыха?
Бо настала Вам развітанне?

З яе словам — ужо не родным,
з яе сонцам — ужо халодным,
з яе людам — спрадвек галодным,
нават Богу й таму няўгодным…

Адыходзіце ці зракаецеся?
Ці сухімі слязамі каецеся?
Пад крыжамі Сафіі Полацкай
бюракрат за Вас не памоліцца,

а памоліцца за Вас мачыха,
за сыночка свайго, за Панчанку,
і ў галовах запаліць свечачку.
Можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку

скрозь расстанне і скрозь змярканне
на агеньчык паэт прыстане,
скажа: родны мой Пімен Панчанка,
я Вам верыў, ды вера страчана.

I ў галовах патушыць свечачку,
можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
пад крыжамі Сафіі Полацкай
ён за Белую Русь памоліцца,

за наступнікаў і за прадзедаў,
ён памоліцца так, як дадзена,
як вучылі Купала з Коласам —
крэўным словам, родным голасам.

Вы жывымі слязамі заплачаце,
за паэтам народ убачыце
скрозь расстанне і скрозь змярканне,
Вам за смерць сваю прыкра стане,

бо пад небам Сафіі Полацкай
на народных паэтаў моляцца.