Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

прысвячэнне

Сярэдняя: 4.9 (7 галасоў)

Ахвярую Максіму Танку

Люцыян, уяві, ты адзін,
ты застаўся адзін на славяншчыне,
і нікога няма, паглядзі,
і нікога з Купалавай спадчыны,

і забралі жанчыну тваю,
віна налілі ёй атрутнага,
загадалі: адпі за сям'ю,
а да дна — за радзіму акрутную,

і сканала жанчына твая,
і памерла радзіна апошняя,
і паглохлі зязюлі ў гаях,
а ў нябёсы ўсмакталіся коршакі,

захлынуўся крывёю Пярун,
зразумеўшы ў запозненым плачы,
як сваёю крывёю Гарун
і ягоную кроў прадбачыў,

і зліліся ў адну раку
і атрута, і кроў, і слёзы,
і на выспу, як на руку,
селі коршакі, як залозы.

А ў тваім, Люцыян, Дняпры,
што жывіў спакон веку гоні,
тры русалкі, славянкі тры
янычаравых мыюць коней,

а ў тваім, Люцыян, Сажы
на грудзёх з камянём пудовым
твой паэт апошні ляжыць,
бы ў труне — у Сажы лядовым.

Ты адзін, ты адзін, ты адзін,
ты застаўся адзін на славяншчыне,
і Радзіма твая, паглядзі, —
русакосая янычаршчына,

а калісьці ты гаварыў,
а калісьці ты нават кляўся:
не патухне Зніч на Гары!
Ён патух. Ты яму пакайся

за ягоны пакутны прах,
за Радзіму сваю нявінную,
янычары яе ў палях
крумкачам ды ваўкам пакінулі,

ты пакайся за свой спакой,
што зубамі не грыз вяроўку,
бо здушыўся і ты на ёй,
ад жывёльнага поту мокры,

кайся, кайся за свой жывот,
не забудзься і пра Купалаў,
бо цяпер ты адзін — народ,
быццам храм на шляху вандалаў.

ДЫ ПАКУЛЬ ТЫ ЯШЧЭ ЖЫВЕШ,
ЗАПАЛІ ПРАД КУПАЛАМ СВЕЧКУ,
ПРАЧЫТАЙ I СПАЛІ МОЙ ВЕРШ,
А ВАНДАЛАМ СКАЖЫ:
Я ВЕЧНЫ!



Яшчэ не ацэнена

Людзі нараджаюцца, жывуюць, паміраюць.
Людзі вучацца, гуляюць, працуюць.
Але усіх уканцы у труны хаваюць
І помнікі усім на магіле будуюць.

Хтосьці жыве незаўважна ды непрыметна.
Нічога не зрабіўшы у жыцці сваім.
А хтосьці жыве надзвычай адметна,
Працуючы нават тады калі мы ўсе спім.

Ёсць людзі-фанаты адданныя справе.
Тыя, на кім трымаецца ўсё.
Тыя, без якіх памылкі не справіць.
Тыя хто робіць тваё і маё.

Ёсць яны сярод розных прафесій:
Урачы, настаўнікі, інжэнеры, рабочыя.
Тыя хто радзіліся і побач з Багамі крочылі.
Тыя, пра каго варта складаць песні.

Адданыя, рашучыя, добрыя, адважныя.
Колькі эпітэтаў можна сказаць.
Ніколі яны не будуць прадажныя.
Павінны мы кожнага з іх паважаць.

Але і гэтыя людзі смяротныя целам.
І да іх смерць прыходзіць як і да нас.
І няма найгоршай страты для краіны цэлай.
Калі наканаваны да іх прыходзіць час.

Ды пакойцеся з мірам у мяккай зямельцы
Гіганты мыслення, геніі часу!
…вось ляжыць у труне і нібыта смяецца
Бласлаўляючы на подзвігі чалавечую расу.

(Павелу Лойку)



Сярэдняя: 5 (6 галасоў)

Родны мой Пімен Панчанка,
Вы сказалі: настала змярканне?
Вы сказалі на маці мачыха?
Бо настала Вам развітанне?

З яе словам — ужо не родным,
з яе сонцам — ужо халодным,
з яе людам — спрадвек галодным,
нават Богу й таму няўгодным…

Адыходзіце ці зракаецеся?
Ці сухімі слязамі каецеся?
Пад крыжамі Сафіі Полацкай
бюракрат за Вас не памоліцца,

а памоліцца за Вас мачыха,
за сыночка свайго, за Панчанку,
і ў галовах запаліць свечачку.
Можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку

скрозь расстанне і скрозь змярканне
на агеньчык паэт прыстане,
скажа: родны мой Пімен Панчанка,
я Вам верыў, ды вера страчана.

I ў галовах патушыць свечачку,
можа, ўзімачку, а можа, ўлецечку
пад крыжамі Сафіі Полацкай
ён за Белую Русь памоліцца,

за наступнікаў і за прадзедаў,
ён памоліцца так, як дадзена,
як вучылі Купала з Коласам —
крэўным словам, родным голасам.

Вы жывымі слязамі заплачаце,
за паэтам народ убачыце
скрозь расстанне і скрозь змярканне,
Вам за смерць сваю прыкра стане,

бо пад небам Сафіі Полацкай
на народных паэтаў моляцца.



Яшчэ не ацэнена

Прысвячаю раённай газеце
“Савецкае Палессе”

Не ведаю, чаму беспамылкова
Цябе заўсёды з іншых вылучала,
Была з табой маўкліваю размова,
Бо літары ніводнай я не знала.

Не мог спыніць халодны мяне вецер,
Што гнуў галінкі вішань, бэзу, мяты,
Я забывала пра усё на свеце,
Убачыўшы паштарку каля хаты.

Не ведала ні “Зорьки», ні “Бярозкі”,
І “Пионерской правды” не чытала.
Цябе ж, мая раёнка, я заўсёды
Сярод выданняў іншых пазнавала.

Смяялася я радасна і звонка
І беражліва бацьку цябе несла.
“Вось, тата, глянь, твая прыйшла раёнка,
Ён папраўляў: “Савецкае Палессе”.

Ты для мяне, як памяць пра маленства,
Знаёмая сцяжынка ў росным полі.
Як добра, што не мела падабенства
Ты з іншымі газетамі ніколі.

Прайшлі гады. І вось пішу я вершы
І вольны час праводжу за чытаннем.
Прыходзіць пошта, і цябе я першай
Бяру у рукі з ціхім хваляваннем.

Табе я ўдзячна, любая “раёнка”,
Што вершам шляху ты не засланіла,
Што падтрымала на сваіх старонках,
Каб веру я ў сябе не загубіла.

І вось віншую з днём я нараджэння,
Няхай усе нягоды твае мінуць,
Няхай з табой павага і натхненне
Ідуць заўсёды поруч, не загінуць.

1995г.