Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Бадак

Нарадзіўся 28 лютага 1966 года ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і рабочых. У школе цікавіўся творчасццю Ясеніна, потым Андрэя Вазнясенскага, Якуба Коласа. У 1983 г. пасля заканчэння школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1984-1986). Зноў вучыўся ва ўніверсітэце, які скончыў у 1990 г. Сябра СП СССР з 1990 г.

З першымі вершамі выступіў у друку ў 1979 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка паэзіі «Будзень» (1989). Пачаў журналісцкую дзейнасць у газеце "Будаўнік камунізму", якая цяпер называецца "Ляхавіцкі веснік". Пазней пачынае выдаваць прозу і творы для дзяцей. На пачатку 90-х гадоў напісаў вельмі шмат песень. Гэта быў пік працы Алеся Бадака як паэта-песенніка. На вершы аўтара складалі песні Аляксандр Саладуха, Анатоль Ярмоленка, Алеся. У апошні час выступае ў перыядычным друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.

badak.jpg


Яшчэ не ацэнена

He прасі прабачэння дарэмна:
Ўсё дала, што магла ты мне даць.
Ты мне болей ужо не патрэбна,
Ды не хочацца адпускаць.

Я знайду цябе ў парку халодным;
— Можа, прыйдзеш яшчэ да мяне?
Вецер з вуснаў сарве тыя словы
I з размаху мне ў твар шпурляне.



Яшчэ не ацэнена

Жывуць у небе змалку
На лецішчы вятроў —
Сястра мая маланка
I сумны брат мой гром.

Там холад і пустэча,
I ціш ва ўсіх канцах.
I цьмяна зорак свечкі
Там свецяць па начах.

На раніцу прачнуся
Ад холаду,
I зноў
Захочацца вярнуцца
З гасцей хутчэй дамоў.



Яшчэ не ацэнена
                                     Ж. Р.

Быў я наіўны і нясмелы.
Нібыта ў возеры ўначы,
Пяшчотна зорка зіхацела
На маладым тваім плячы.
Яе я вуснамі кранаўся,
I з палахлівай зоркай той,
Закрыўшы вочы, уздымаўся
Я па-над соннаю зямлёй.

Але красу начных ідылій
Гады няўзнак перамаглі,
Святло той зоркі пагасілі,
А мы не ўбачылі калі.

Мы не заўважылі, як сталі
Жыць і практычней, і прасцей,
Хоць і кахаем, як кахалі,
А можа, нават і мацней.

Ды ў гэтым ціхім апраўданні
Ёсць крышку жалю і віны,
Што нашы хмельныя світанні
Ўсе прамянялі мы на сны.

А ў небе і цяпер да золку
Глядзіць самотна па начах
У нашы вокны тая зорка
З бялюткага твайго пляча.