Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Пісьмянкоў

Нарадзіўся 25 лютага 1957 года ў вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння Бялынкавіцкай сярэдняй школы працаваў у раённай газеце «Сцяг камунізму». У 1980 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў рэдактарам аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя».

Першыя вершы надрукаваў у 1973 годзе ў касцюковіцкай райгазеце. Аўтар зборнікаў паэзіі «Белы камень» (1983), «Чытаю зоры» (1988).

У 1988 годзе за зборнік паэзіі «Чытаю зоры» прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі.

pismjankou.jpg


Сярэдняя: 4.4 (41 голас)

I вёдры поўныя вады,
I вочы поўныя дабра.
Гляджу на матчыны сляды
На белай посцілцы двара.

I з гэтай чуйнай цішыні,
Што лёс паслаў, як дар,
Гляджу ў былыя дні —
Гадоў гартаю каляндар.

Я іх гартаю без жальбы,
Лічу ад першага вянца.
Нічога нельга мне забыць —
Усё мне несці да канца.

З сабою несці праз гады
Ад белай посцілкі двара
I вёдры, поўныя вады,
I вочы, поўныя дабра.



Сярэдняя: 3.9 (15 галасоў)

Адна іх маці радзіла —
Грэла сваім бяссоннем.
Адна іх зямля насіла,
Адно ім свяціла сонца.
Адно ім свяціла сонца!
Адна гадавала хата:
Адзін узяў меч абаронцы,
Другі ўзяў сякеру ката.



Сярэдняя: 4.1 (17 галасоў)

Я камень падняў на раллі
Абвуглены, чорны,
Можа, быў ён калісь
Гарачаю зоркай.
I, можа, маліліся ёй —
Пясчынцы сусвету,
I праведнік строгі з сям'ёй,
I злодзей адпеты.
Яна ж не жалела святла
Hi шчырым, ні ніцым.
Яна не мінала жытла
Hi святой, ні блудніцы.
I, зведаўшы горасць зямлі,
Аднойчы патухла ад мукі...
Я камень падняў на раллі,
I камень апёк мае рукі.