Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Леанід Дайнека

Нарадзіўся 28 студзеня 1940 года ў вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсытэту (1967). Працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, на Беларускім тэлебачанні. У 1972—1989 — адказны сакратар часопіса «Маладосць», з 1989 — загадчык рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябар СП СССР (1970).

Першы верш апублікаваў у 1961. Выдаў кніжкі вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), «Сняжынкі над агнём» (вершы і паэмы, 1989). Аўтар зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976), раманаў «Людзі і маланкі» (1978), «Запомнім сябе маладымі» (1981), «Футбол на замініраваным полі» (1983), «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (часопіс «Маладосць», 1990).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа (1988) за раман «Меч князя Вячкі», Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (1990) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей — за гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» і «Сьлед ваўкалака».

dajneka.jpg


Сярэдняя: 4.6 (41 голас)

- Вы пытаеце, дзеткі мае,
Як я з мужам жыву?
Гарэлку п'е, бутэлькі б'е
Аб маю галаву.

Ганяе за хатай, за пуняй,
Грызе, як крывавы звер.
А я ж была прыгажуняй,
Красоткай, як кажуць цяпер.

Была, як усе, камсамолкай,
Хадзіла ў калгасны хор.
А ён мяне коліць іголкай,
П'яны смярдзючы тхор.

За валасы цягае,
Гугнявіць аб нечым благім.
...Сіняй вясной, каля гаю,
Мы цалаваліся з ім.

Бачу праз боль крывавы,
Сьню ў незабыўных снах
Чуб кучаравы, бялявы,
Зорачкі ў ясных вачах.

"Дзеткі ў нас будуць, унукі" -
Ён мне пяшчотна шаптаў,
А потым ускідваў на рукі,
І, як малую, люляў.

Ужо я не плачу, не плачу,
Бо скора лажыцца ў труну.
Не гэтага звера бачу,
А бачу тую вясну.

За што ж ён нагамі топча?
Хто выгрыз яму душу?!
"Такі харошы быў хлопчык" -
Некалі Богу скажу..



Яшчэ не ацэнена

Дзеці славы і дзеці бяды -
Беларускія гарады.
Менеск, Вітбеск, Полацк і Рша…
Аблятае стагоддзяў іржа.
Невядомасць знікае, як сон.
Зноў стаю каля вашых акон.
Люд працуе, шуміць, месіць цеста,
Малаткамі ў кавадлы б'е…
Людзі Горада, Людзі Места,
Я люблю вас, мяшчане мае.
Ўсё было - і веліч, і слава,
Магдэбургскае права.
Гараджанкі ў прыгожых строях
Сустракалі з бітвы герояў.
Адганяючы груганоў,
Плыў над вамі покліч званоў.
Апетытна і ганарліва
З медных кубкаў лілося піва.
Прагіналі сталы прысмакі -
Сцёгны, рулькі, каўбасы, ракі…
З'еў, крычыш: "Падавай яшчэ!"
(Верш пішу, і слінка цячэ).
А мяшчаначка за сталом
Русяватым варушыць брывом.
І на шыйцы жылка дрыжыць.
Ах, панове, як хочацца жыць!



Сярэдняя: 4.5 (47 галасоў)

Беларусь, ты не забыта.
У душы, як Божы знак:
Хата… Канюшына… Жыта…
Бульба… Бусел… Шпак…
Мроя… Хлопец закаханы…
Цемра… Шлях дамоў…
Беларусь, ты збудавана
З беларускіх слоў!