Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

школа

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Апошні званок

Няўмольны рух жыцця і хуткаплынны.
Вось і для вас прыйшоў расстання час.
Хвалюючыя ціхія хвіліны
Яшчэ ўспамінам вернуцца не раз.

У кожнага свае былі сцяжынкі
Да роднай школы ад бацькоўскіх хат.
Цяпер і вы не хлопчыкі, дзяўчынкі,
А выпуск школы з юнакоў, дзяўчат.

Дзяцінства больш не вернецца ніколі—
Пераступілі вы яго парог.
І гэты ранак развітальны ў школе
Успомніцца на тысячах дарог.

Званок апошні сэрца ўстрывожыць
І адаб’ецца смуткам у вачах.
З дзяўчынак хтосьці і заплача можа—
Зусім не так, як плачуць па начах.

Наперадзе іспыты, хваляванні
І баль, што пройдзе праз усё жыццё.
І будуць зноў сустрэчы і расстанні,
І светлага кахання пачуццё.

Усё будзе, толькі вось у школу
Не давядзецца болей вам хадзіць
І ранцы па апаўшым лісці долу
З сабою будуць іншыя насіць.

Настаўнікам свой “дзякуй” развітальны.
Вам шмат разоў захочацца сказаць.
На балі з імі да зары світальнай
Вы будзеце спяваць і танцаваць.

Святлеюць ад усмешак добрых твары.
Як многа сёння кветак і гасцей!
Хай збудуцца надзеі ўсе і мары.
А ў школу ўсё ж прыходзьце вы часцей.

1998 г.



Яшчэ не ацэнена

Ёсць два будынкі
( Хатыніцкай СШ—135 год )

На скрыжаванні нялёгкіх жыццёвых дарог
Ёсць два будынкі, якія душу саграваюць,
Родная школа і бацькавай хаты парог,
Яны нас праводзяць, яны нас заўсёды чакаюць

Родныя сцены захоўваюць нашы гады,
Рэха маленства нас радасным смехам вітае,
Тут і юнацтва пакінула ў сховань сляды,
Вось і яно нас усмешкамі зноў сустракае.

Колькі вятроў прашумела, растала снягоў,
З часам мяняліся твары, законы і кніжкі,
Вераснем кожным нясмела прыходзяць ізноў
Дзеці, пакінуўшы дома і лялькі, і “мішкі”.

Ім яшчэ ўсё незнаёма, яшчэ прывыкаць
Прыйдзецца доўга і плакаць, напэўна, таксама.
Ведаю, будуць як дома сябе адчуваць,
Ведаю, будзе настаўніца ім другой мамай.

Звернем на сцежку ад нашых жыццёвых дарог
Мы да будынкаў, якія душу саграваюць,
Родная школа і бацькавай хаты парог
Там нас сустрэнуць і там нас заўсёды чакаюць.

1999 г.



Сярэдняя: 4.6 (9 галасоў)

Мне сніўся сёння ранак вераснёўскі,
Нібы баяна спеўны гукарад...
У рукі сшытак узяла вучнёўскі,
Ўзяла яго, як трыццаць год назад.

У памяці ўсплыло да болю дарагое,
Святое, чым жыла я ўсе гады.
Даўно саспела рунь, пасеяная мною,
Мой першы выпускнік ужо немалады.

Цяпло душы сваёй на ўсіх дзяліла,
Ўсе моры, акіяны разам праплылі.
А выпраўляючы у свет, заўжды маліла
Знайсці сябе, каб не згубіцца на зямлі.

Мне сніўся сёння вераснёўскі ранак,
І сон мне той утойваць не з рукі:
Бо на высокі родны школьны ганак
Мне клалі кветкі ўсе выпускнікі.



Сярэдняя: 4.4 (5 галасоў)

Тчэ палатно жыцця…

Цяпер у школу ходзім толькі ў госці,
Разбурыў час у маленства наша мосцік,
Вядуць туды ўспаміны-сны упарта.
Зноў школьніцаю хочацца прачнуцца,
У клас знаёмы да сяброў вярнуцца,
Дзе кожнага сустрэне свая парта.

Забыўшыся пра модныя прычоскі,
У снах хачу я банты ўплесці ў коскі
І ў школьную сукенку апрануцца.
Хачу гуляць на шумных перапынках,
Што прабягаюць, як адна хвілінка,
Шмат аддала б я, каб туды вярнуцца.

З настаўнікаў убачыў хтосьці першы,
Як я на алгебры пісала вершы.
За даўні грэх прашу мяне прабачыць.
Тады паэткай хлопцы ахрысцілі
І доўга той мянушкаю дражнілі.
Ніхто не мог мой шлях тады прадбачыць.

Тчэ палатно жыцця мой лёс на кроснах,
І вось мінула двадцаць зім і вёснаў,
Як баль свой выпускны мы адзначалі,
Як плакалі ў сукенках сваіх белых,
І хлопцы суцяшалі нас няўмела,
Як разам усход сонца сустракалі.

Раскідала жыццё нас па ўсім свеце,
У кожнага растуць свае ўжо дзеці,
Настала ў школе іх пара вучыцца.
Яны яшчэ ўсяго не разумеюць
І шанаваць, што маюць, не умеюць,
Ды сон такі пасля і ім прысніцца.

1996 г.