Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

успамін

Сярэдняя: 3.8 (10 галасоў)

А памятаеш лязо вачэй?
Абдымкі марозныя шчырых начэй.
Адчуць. Дакрануцца. Хутчэй!
Падняцца ў аблокі.
Гарачыя шчокі,
Вусны на шыі,
Рукі, што ў сораме палка душылі.
Па-здрадніцку насцеж адчынены брамы.
Нясцерпныя шрамы
На сэрцы і спіне.
Здавалася, крок і загінем.
Вусны ў салодкай атруце,
Аскепкі пачуцця
У скрываўленай бітай душы.
Ток паміж пальцамі,
Словы ў дрыготкай цішы.
Скажы,
Ты памятаеш гарачыню?
Тваю й маю?
Чую-ня чую, але адчыню
Наросхрыст. Сябе.
Сарвацца ў пагоню.
Пякучай далонню
Па твару прызнанні твае,
Што так да адчаю любіла.

А памятаеш мяне?
Не?
Ну то і я цябе забыла.



Сярэдняя: 3.5 (4 галасоў)

Лютаўская вясна
Шчыра ўводзіць ў зман.
Захопваўчы ў брудны капкан
Тры з чатырох калёс.
Калі панавала зіма,
Мяне ты цішком прывёз
У межы свайго Запаляр'я.
Назад я ўжо неяк сама -
900 кілометраў пешкі.
Цяпер я нашу акуляры,
А ты - усмешку.

Абдымкі. Рука ў руцэ.
Тры, два, раз... Ужо не крыўдуем.
Чужыя партрэты малюем
Віламі слоў па вадзе.
Будзем маўчаць па чарзе.
І можа што-небудзь пачуем.

Наведзена яснасць, акрэслены план:
1.Лета.
2.Восень.
3.Зіма.

Вясна, калі б не прыйшла,
Заўсёды ўводзіць у зман.



Яшчэ не ацэнена

Неспраўджанае каханне.
Няздзейсненая любоў.
Неперажытыя ночы, спатканні
Стрэнуцца зноў.

Прывіды былых пачуццяў.
Аскепкі старых перамог.
Сівых, як зімовыя кветкі на раллях
Забытых дарог

Прыдуманыя абдымкі.
Непражытое жыццё.
На высахлых вуснах усмешак адбіткі.
Штучнае забыццё.

Замораная пяшчота.
Нябачныя ласкі вачэй.
Чужых успамінаў нямота...
Ужо лягчэй.

Невымаўленае прызнанне
Пад ценем старых валуноў.
Неспраўджанае каханне.
Няздзейсненая любоў.



Сярэдняя: 4.2 (11 галасоў)

Не вер, хто кажа, быццам час нам дапаможа,
І выгарыць аднойчы ўспамін.
Хлусня. Чаканне жыць бясконца можа,
Застаўшыся з бяссмерцем на адзін.

Няхай ужо ведаеш - маўчанне немінуча,
Наўрад урвеш усмешку ты заміж.
Не забывай: каханне неўміруча,
Калі чаканне - твой свядомы крыж.