Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

зоркі

Сярэдняя: 3.5 (4 галасоў)

Зляцеліся зорачкі дзіўнымі птушкамі ў вырай,
падзюбалі неба, паселі праз дзіркі сачыць:
чаму маладзік усміхаецца шырай і шырай,
каго выглядае з-пад коўдры бахматай начы?

Каму да світання спявае імгла калыханку?
Куды накіроўвае ветрык пяшчоту сваю?
І што за яліна расце пры хаціне ля ганка?
І хто і нашто запаліў у акенцах агні?

Усё ім цікава, усё незвычайна хвалюе.
Вось толькі не ведаюць зоркі, што я давідна
на іх цікаванне гляджу і таксама пільную –
а ці не зляціць мне на шчасце ў далоні адна?

10.04.2013



Сярэдняя: 3.5 (8 галасоў)

Адчыняцца дзверы, глытне цяплыню падстрэшша
І жоўтыя лямпы на момант асветляць снег.
Ён мякка прылёг на мяжы лістапада-снежня
І ціха чакаў, каб у вочы зірнуць табе.

Раскінецца вечар тканінаю-аксамітам
І зоркі заззяюць па ўзмаху тваёй рукі.
А ты усміхнешся. Сягодня табе адкрыта
Ўсё тое, што неверагодна ўявіць другім.

Па ветры пацягнецца водар тваіх акацый,
Блакіт зацярушыцца лёгкай буйной крупой.
Гучаць галасы. І ты можаш не сумнявацца,
Што словы гараць захапленнем адной табой.

Ты марыш, ты верыш...
Цярпліва сняжок кружыцца,
Жадае паслухаць найпершае інтэрв'ю.
"Ты будзеш вядомай", - нашэптвае Вечарніца.

А сёння - пачатак.
Маленькі зусім
Дэбют.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

У сцямнелых нябёсах, што свецяцца,
як мільён светлячкоў над зямлёй,
заблукала малеча-мядзведзіца
у трох зорках ад маткі сваёй.

Памігцела і вочкі заплюшчыла –
усё роўна не бачна – ані!
І сузор'ем завісла над пушчаю –
хоць малыя, а ўсё-ткі агні.

А матуля за дзетку спужалася –
не прапала б у цемры такой!
І, як толькі дагнаць атрымалася,
учапілася ўладна рукой.

І дагэтуль трымае на повязі.
Што, смяецеся? Дзіўны сюжэт?
А вакол гэтай быццам бы дробязі
З той пары і кружляе наш свет.

9.06.2013



Сярэдняя: 4.4 (16 галасоў)

Што за дзіва?! Што за свята?!
Зоркі сыплюцца з галін –
Шчодрым бляскам на багаты
Беласнежны палантын!

Іскры – злева, іскры – справа.
Над пярынамі снягоў
Ззяюць золатам яскравым
Мірыяды светлячкоў.

На зямлі – прасцін сегменты –
Ад ружовых да сівых.
Зіхаценне дыяментаў –
Упрыгожванні на іх.

А на вокнах штось малюе
Незвычайнае мароз.
Але, скончыўшы, лютуе:
Шчыпле шчокі, круціць нос,

На румяным, стылым твары
Студзіць сонца прамяні.
І клубіцца выдых парай –
Паспрабуй, яшчэ дыхні!