Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Сяржук Сыс

Сярэдняя: 4.1 (10 галасоў)

Ловіць татка плотак на Дняпры,
Мамка гулянятам ладзіць клетух…
На глухім стаіўшыся двары,
Я на смак спрабую цыгарэту.

Бацька п’е з суседзямі віно,
Варыць мама сьціплую вячэру…
Першы раз дзявоцкія ў кіно
Грудзі да рукі сваёй прымераў.

Цягнуць гусі бацю з-пад гары,
А мяне ў жыцьцё зьбірае маці…
Шмат гадоў адсьнежыць, адгарыць –
Госьцем я цяпер у роднай хаце.

У старога пальцы на курках,
Мама азіраецца на дзьверы…
Ты мяне, як рыбіну рака,
Выкінь, лёс, на той далёкі бераг.

Ловіць татка плотак на Дняпры
Варыць маці сьціплую вячэру
Цягнуць гусі бацю з-пад гары
Мама азіраецца на дзьверы…



Сярэдняя: 4.3 (17 галасоў)

За сьцяною – поле,
Чорнае, пустое,
А за полем прорва
Стогне ў хмызьняках.
Там пугач палюе
Над цьвілой вадою,
Крыламі сівымі разьдзімае жах.
У начным сутоньні
Змрок згінае плечы
І сьцірае межы
Між дабром і злом.
Ні дарог, ні броду
На той бок пустэчы,
Дзе ў смузе трывожнай
Цьмяніцца святло.
Шэпча хвошч самотна
Над злавеснай кручай:
“Лепей за сьцяною у спакоі жыць.”
Толькі вабіць прорва –
Крок раблю рашуча…
“Выбачайце, сьцены.
Быць альбо не быць!”



Сярэдняя: 3.8 (13 галасоў)

Да вакна вяло бяссоньне,
Адчыняла ноч вакно,
Месяц выгнуўся ў паклоне:
– Не нудзіся, ёсьць віно.

Моўчкі выпілі, маўчалі,
Потым месяц рог крывы
Мне падаў, нібы начальнік,
І пацёгся за хлявы.

Сярод шолаху і ўсхліпаў
Ловіць слых сярдзіты гук:
У густой лістоце ліпы
Заблукаў спазьнелы жук.

Піў, відаць, згубіў дарогу,
Дома жонка выесьць плеш…
Мне ж і гэтага нямнога
Не адкроіш, не нальеш.

Трэснуў лёс, нібы начоўкі:
Я – адзін, яна – адна…
Заўтра месяц прыйдзе зноўку,
Вып’ем зь месяцам віна.



Сярэдняя: 4.4 (26 галасоў)

Яна мяла няўмела камяк белай гліны,
Выляпляла нервова нішто абы як,
І пакуль яе пальцы акрэсьлілі сьпіну –
Шмат разоў разьбівала няўдзячны камяк.

Дзьве крывуліны ног,
лоб амаль дасканалы,
Рук сьцябліны ляпіліся проста на зьдзек,
Потым дробны каменьчык
у грудзі ўвагнала,
Каб кахаць змог гліняны яе чалавек.

Форма ёсьць і такія знаёмыя рысы:
Ці ня я гэта сам —
раз паменшаны ў сем?
Ажываю. Кажу: “Называй мяне Сысам,
Прывыкай жа цяпер да мяне пакрысе.

Хоць і з гліны, але калі высахну крыху,
І вясновае сонца падсмаліць бакі –
Так кахаць цябе стану я, цуда-майстрыха,
Як яшчэ не кахалі твае мужыкі.

Як Пятрарка чароўнай Лауры санеты,
Буду вершы адзінай табе прысьвячаць…”
Ледзь пачула яна, што стварыла паэта –
Пачала ліхаманкава гліну зьмінаць.