Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ірына Хадарэнка

Ірына Хадарэнка. Фота

Ірына ХАДАРЭНКА, сапр. ШУМСКАЯ (нарадзілася 19 чэрвеня 1976, Мінск), беларуская паэтка, пісьменніца, перакладчыца.

Скончыла музычную школу па класу фартэпіяна, потым гімназію № 1 ім. Ф. Скарыны. Пасля заканчэння вучобы ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце ў 1997 годзе, паступіла ў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. З 2000 года працуе ў якасці выкладчыка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, займае пасаду дацэнта. У 2002 годзе паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці “тэорыя і гісторыя культуры”.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2000 года.

З 1992 года рэгулярна выступае ў рэспубліканскім друку. Перакладае з польскай і рускай мовы. З’яўляецца аўтарам шматлікіх публікацый у навуковых і перыядычных айчынных выданнях, таксама друкавалася ў “Беларускім дайджэсце” ў ЗША.

Бібліяграфія
* “Лабірынты душы” (“Першацвет”, 1996) – кніга паэзіі;
* “Чорная ружа” (“Мастацкая літаратура”, 1998) – кніга паэзіі;
* “Танцы на шкле”, (“Белы вецер”, 1999) – кніга паэзіі і прозы.



Сярэдняя: 5 (16 галасоў)
Вось – просты чалавек, кавалак біямассы І будучы жыхар драўлянае труны. Ці здольны ён спазнаць, застаўшыся сам-насам, Як брыдка існаваць за кратамі маны? Ці можа ён адчуць у гонцы мітуслівай, Што гэта зноў над ім смяецца небасхіл? Гадуйся, чалавек! Ты ў невуцтве шчаслівы; Учора эмбрыён, а заўтра – толькі пыл.


Сярэдняя: 4.7 (21 голас)

Маўчанне золатам бывае не заўжды,
Ягоны водбліск нейкі алхімічны:
Ратуе ад знявагі і бяды,
І – аздабляе здраднікаў аблічча.

Паэтам часам трэба памаўчаць,
Бо нават птушкі не пяюць бясконца,
Не зелянее ўзімку сенажаць,
Не свеціць і не грэе ноччу сонца.

Калі ж навокал бессаромны гвалт
Ператварае ў быдла беларусаў,
А існаванне іх – турмы накшталт,
Маўчанне – выбар халуёў і трусаў.



Сярэдняя: 4.8 (16 галасоў)

Здалося, што нябёсы пабялелі,
Расцёкся боль чырвонай паласою
І лёсу недасяжныя арэлі
Спыніліся над вечнасці ракою.

А побач – пылам засціцца дарога,
Спяваюць птушкі і смяюцца дзеці.
І быццам не змянілася нічога
На гэтай абыякавай планеце.

Усё, як і раней, у наваколлі…
Ды памяці людской агмень нязгасны
Сілкуе душы тых, хто мімаволі
Зляцеў у вырай. Найчасцей заўчасна.