Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мікола Пацяюк

Сярэдняя: 5 (11 галасоў)

От жа дажыліся мы, панове:
Не Канада тут і не Камбоджа,
А мяне на беларускай мове
Зразумець ужо не кожны можа
Ды яшчэ і зыркне падазрона:
З мужыкоў ты ці з замежнай знаці.
Так і жыць мне белаю варонай,
Іншаземцам у бацькоўскай хаце?
Я, магчыма, ўжо і не здзіўлюся,
Калі ўгледжу неяк нечакана
Жорава, што ў небе Беларусі
Гарлапаніць зыкам пелікана.
Мы народам звацца права маем,
Покуль мова матчына жывая.



Сярэдняя: 5 (7 галасоў)

Ці то мроіцца,
Ці то помніцца,
Бы даўно калісь
За ваколіцай
Санны след бяжыць_
Дзве палосачкі
Ад майго сяла
Да той вёсачкі.
Уецца санны след,
Коні сытыя,
Белым пухам снег
Пад капытамі.
Ой, вяселлейка!
Хлопцы з дзеўкамі
Сыплюць жартамі
Ды прыпеўкамі.
Весяльчак ды зух,
Твар, як сонейка,
Выціскае дух
У гармоніка.
Ой, Лявоніха!
Бровы месяцам,
Як дзве зорачкі
Вочы свецяцца.
Эх,Сямёнаўна!
Дзеўка гордая,
Сэрца мяккае,
Грудзі цвёрдыя!
Коні тройкамі,
Коні парамі,
Рэха звонкае
Над абшарамі.
А мяцеліца
Полем сцелецца...
Ці было яно,
Ужо й не верыцца.
І не вернецца,
Што было - прайшло...
Трое конікаў
На ўсё сяло.



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Гарызонт сасоннікам расчэсвае
Ветрам раскудлачаныя хмары,
Залівае лістапад яшчэ свае
Ўчора палымнелыя пажары.
За акном ні проблеску, ні просіні,
І не хутка, мабыць, праясніцца.
Мне забыцца б у абдымках восені,
А заплюшчу вочы - ява сніцца.



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Пара дажджоў ужо прайшла,
То ў небе сінь, то просінь,
А ў садзе вішня расцвіла,
Хоць на двары і восень.
Такая ў свеце прыгажосць -
Магла і памыліцца.
Ці ж вінавата маладосць,
Калі вам радасць сніцца?
Стаіць прыгожая яна,
Нявеста - глянуць люба,
А крыху воддаль ад акна
З агніста-рыжым чубам
У промнях сонца гожы клён
Спыніўся каля плота.
Мо для яе адзінай ён
Прыбраўся ў пазалоту.
Клін жураўліны, вышыня
І сум і боль растання...
Усё ў гэтым свеце мітусня
Апроч кахання.