Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мікола Аляхновіч

Сярэдняя: 3.4 (14 галасоў)

Быў парог.
Быў яшчэ падсвядомы пачатак.
Ды мацнела крыло,
выраўноўваўся крок
і жыццё маладое,
як весняе свята,
светла бачылася здалёк.

Мэта – божа! – якая!
А мара!!
Даць бы сілы,
падняць на крыло!
І паплечнікі ёсць,
і... ахвяры,
і сумненні,
якіх не было.

Дум гарачых
муры не астудзяць.
Ад развагі былой –
невыразнасць мяжы.
Ён ішоў да людзей...
Што пакінулі людзі!?
Цьмяны пробліск надзеі
ды сцежак крыжы.

Калі б сам,
то адкінуў даўно асцярогу,
і сумёт забыцця
ўжо схаваў бы яе.
Ды не сам,
                  не сабе...
Для нашчадкаў дарогу
ён адкрыў.
І паходню
                 НАМ
                          перадае!


Сярэдняя: 3.3 (9 галасоў)

Іду туды, дзе роўнядзь поля белага,
як палатна адбелены сувой,–
там цяжар сунімае набалелага
нікім яшчэ не крануты спакой.

Іду туды, дзе ціхі гай падковаю,
дзе цішыня асмужаных лагчын,–
там думкі мітуслівыя ўладкоўвае
барвовасць урачыстая рабін.

Іду туды, яліны дзе самотныя,
дзе сонца з-за галін, як з-пад рукі,–
там словы самі, шчырыя, пяшчотныя,
кладуцца ў вершаваныя радкі.



Сярэдняя: 4 (3 галасоў)

А вы чулі, аб чым
шэпча дождж уначы
у лістоце таполяў і клёнаў?
Што гаворыць вам гром
і маланка агнём
што выпісвае ў хмарах шалёна?

Пра што вецер гудзе,
Пра што, нібы ў бядзе,
так хаўтурна галосіць хвілінай?..

...Недзе бацька мой зноў
свежай беллю бінтоў
перавязвае раны ўспамінаў.



Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Трывожыць восень цяжкасцю аблокаў,
што з неба паніжэлага сышлі.
Чаму сягоння вы з вышынь высокіх
прыйшлі на спавяданне да зямлі?
Нялёгкі шлях, ды ўсё ж марудзіць неба…
Паспавядацца б як за кожны дзень.
Слязой-дажджом даўно праліцца трэба,
ды хто на споведзь прыме іх і дзе?