Марнее мой сусед —
Скрозь мала цяглай справы.
Збягае пакрысе
Народ да слоў і славы.
На весніцах вісіць
Зрання ў сваім падворку,
Смыліць яму, карціць
Пачаць хоць з кім гаворку.
Змарнелы конь брыдзе.
Вязе кудысь жанчыну.
«Супоня, глянь, спаўзе!
Папраў, — крычыць, — ляйчыну!»
Падыдзе. Звяне злосць.
Пагляне, як з іконы:
«Ну, конь, які ўжо ёсць.
Хамут бы хоць ягоны...»
Каня перапражэ
З дасведчанасцю справы,
I конік той заржэ
I стане больш рухавы.
I доўга будзе ўслед
Глядзець ён той павозцы,
На той апошні след,
Што пакідае ў вёсцы.