Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Мікола Шабовіч

Нарадзіўся 4 студзеня 1959 года ў вёсцы Бадзені Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

У 1981 годзе скончыў філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Працаваў 5 гадоў настаўнікам на Вілейшчыне.

Пасля заканчэння аспірантуры выкладае родную мову ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Друкуецца з 1976 года. Аўтар паэтычных зборнікаў “Дом” (1996), “Яшчэ пакуль не лістапад” (1996), “Падары мне сваю адзіноту”(2002), “Мая надзея” (2006), кнігі гумару “Хор болей не спявае”, адзначанай рэспубліканскай літаратурнай прэміяй “Залаты Купідон” як лепшая кніга 2008 года ў намінацыі “сатыра і гумар”.

Апошнім часам актыўна працуе як перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1998 года.

На вершы Міколы Шабовіча напісана больш як 170 песень.

Мікола Шабовіч


Яшчэ не ацэнена

***
Ад сівой даўніны мудрых думак сувой
Не згубіўся ў вяках і сягоння дарэчы:
“…Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,
А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.

Не забудзь, хто табе адкрываў новы свет,
Хто вучыў шанаваць і Радзіму, і мову.
Пранясі па жыцці гэты сказ-запавет
І сынам перадай як святую замову:

“Дзе б ні быў, ні хадзіў ці адзін, ці з сям’ёй,
У апратцы сялянскай ці, можа, у фрэнчы,
Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,
А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.

І тады Бог даруе правіны твае
І падасца жыццё зразумелым і цэльным.
Толькі думка адна мне заснуць не дае:
Вельмі мала сваіх мы настаўнікаў цэнім.

“Дзе б ні быў, ні хадзіў ці адзін, ці з сям’ёй,
У апратцы сялянскай ці, можа, у фрэнчы,
Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,
А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.



Яшчэ не ацэнена

***
Вячэрняя прахалода.
Спякотлівы дзень, бывай.
Няхай адпачне прырода,
Бадзенеўскі родны край.

Ну, колькі ўжо можна парыць?!
А заўтра ж – пад трыццаць пяць!
Адно застаецца: марыць
І вершы ўначы складаць

Пра дожджык грыбны-лагодны,
А лепей – каб як з вядра!
Даволі ўжо дзён пагодных:
Грыбная стаіць пара!

Ды толькі ж ані грыбочка,
У лес ні пайдзі які,
І дрэвы свае лісточкі
Паскручвалі, бы ў кулькі.

Эй, дождж, ты не спі, прачніся!
Эй, сонца, суціш прыгрэў!
Няхай праліецца з высі
Вады выратоўны спеў!

Няхай ачуняюць трошкі
Узлескі, лясы, палі
І скажа сваяк мой Лёшка:
“Якія грыбы пайшлі!”



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

***
Да новае стрэчы!
Да казачна-новай вясны!
Усё недарэчы:
Жаданні, і мары, і сны.

Усё мімалётна,
А ты паспрабуй затрымай
І студзень сумётны,
І ў квецені сонечны май,

І ночы сваволі,
І дзён залатыя віры,
Што столькі патолі
Дарылі – і ты падары

Радзіме – адданасць,
Бацькам – дабрыню і любоў,
Сябрам – беззаганнасць
Учынкаў, памкненняў і слоў.

А дзецям і ўнукам,
Калі пасачылі цябе,
Пакінь без прынукі
Усё, што нясеш на гарбе:

І плуг, і лапату,
І працы сялянскай сакрэт,
І бацькаву хату,
Што сына выводзіла ў свет.

І вершы-прызнанні
Радзіме, матулі і ўсім,
Хто ўвечар і ўранні
Цябе ў сваім сэрцы насіў.

Скажы ім: “Да стрэчы!
Да казачна-новай вясны!” –
Калі недарэчы
Жаданні, і мары, і сны.